Беларуская Служба

Праваслаўныя Каляды на Падляшшы: Не працуюць школы і некаторыя органы ўлады

07.01.2026 10:09
Паводле Нацыянальнага перапісу насельніцтва 2021 года, прыналежнасць да Праваслаўнай царквы ў Польшчы акрэслілі крыху менш за 151,7 тысячы чалавек.
Ілюстрацыя Беларуская служба Польскага радыё / Radyjo.net

У сераду, 7 студзеня, у Падляшскім ваяводстве, дзе пражываюць найбольшыя ў Польшчы супольнасці праваслаўных вернікаў, адзначаюць Каляды паводле Юліянскага календара. З гэтай нагоды ў большасці школ Беластока ў сераду не праводзяцца заняткі, а вучні маюць выходны дзень. Часова зачыненыя і некаторыя органы мясцовага самакіравання.

Праваслаўныя і стараверы ў Польшчы святкуюць Божае Нараджэнне на 13 дзён пазней, чым католікі. Святы вечар прыпадае на 6 студзеня — у Польшчы гэта дзяржаўнае свята Трох Каралёў.

У Беластоку шмат школ традыцыйна плануюць навучальны год так, каб 7 і 8 студзеня — першы і другі дні праваслаўных Каляд — былі вольнымі ад заняткаў. Паводле даных гарадскіх уладаў, 7 студзеня выходны маюць вучні 60 школ, яшчэ восем навучальных устаноў працуюць у звычайным рэжыме.

У шэрагу населеных пунктаў паўднёва-ўсходняга Падляшша, у тым ліку ў Гайнаўцы і Бельску-Падляскім, у гэтыя дні не працуе таксама мясцовая адміністрацыя.

Праваслаўе з’яўляецца другой па колькасці вернікаў канфесіяй у Польшчы. Іерархі Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ацэньваюць колькасць вернікаў у краіне на ўзроўні 450–500 тысяч чалавек. Паводле Нацыянальнага перапісу насельніцтва 2021 года, прыналежнасць да Праваслаўнай царквы ў Польшчы акрэслілі крыху менш за 151,7 тысячы чалавек (пытанне пра веравызнанне было добраахвотным, і ад адказу можна было адмовіцца).

pap/эж


Размаўляем пра Каляды са святаром і этнографам

06.01.2026 07:19
Чаму Свята Божага Нараджэння выклікае такі радасны настрой і ўспамін дзяцінства? Што з'яўляецца самым важным у калядным святкаванні?