Паміж Вільняй і Варшавай у бліжэйшы час павялічыцца колькасць авіярэйсаў. Польскія нацыянальныя авіялініі LOT абвясцілі пра намер павялічыць колькасць рэйсаў на гэтым кірунку. Адначасова авіякампанія прыпыніць авіязлучэнне паміж Вільняй і лонданскім аэрапортам London City.
Пра спыненне рэйсаў у London City, якія абслугоўваў польскі перавозчык, паведамілі «Літоўскія аэрапорты». Паводле іх інфармацыі, прычынай стала зніжэнне попыту на гэты маршрут. LOT выйграў тэндар на яго абслугоўванне тры гады таму. Апошнія рэйсы паміж Вільняй і London City будуць выкананыя да 27 сакавіка.
Як адзначае літоўскае інфармацыйнае агенцтва BNS, у апошнія месяцы авіязлучэнне паміж Вільняй і Варшавай карыстаецца высокім попытам. У сувязі з гэтым польскі авіяперавозчык з пачаткам летняга сезона плануе павялічыць колькасць палётаў на гэтым маршруце да 38 на тыдзень.
iar/эж