У аўторак, 13 студзеня, прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі сустрэўся ў Лондане з прэм’ер-міністрам Злучанага Каралеўства Кірам Стармерам. Перамовы на Даўнінг-стрыт былі прысвечаныя найперш пытанням бяспекі, абароны і стратэгічнага партнёрства, якое, паводле Наўроцкага, належыць да наймацнейшых у Еўропе.
Кіраўнік польскай дзяржавы падкрэсліў значэнне вайсковага супрацоўніцтва, адзначыўшы прысутнасць больш як ста брытанскіх вайскоўцаў у Польшчы і салідарную падтрымку Лондана пасля атакі дронаў на польскія межы ў мінулым годзе. Асобную ўвагу бакі надалі ўзаемадзеянню ў сферы абароннай прамысловасці.
Абмяркоўваліся таксама эканамічныя пытанні, у тым ліку падрыхтоўка да саміту G20, гаспадаром якога ў 2027 годзе стане Злучанае Каралеўства. Наўроцкі заклікаў улічваць досвед Польшчы як прыклад паспяховай посткамуністычнай трансфармацыі.
Сярод іншых тэм — умовы дзейнасці польскіх малых і сярэдніх прадпрыемстваў у Вялікабрытаніі, а таксама пытанні, важныя для польскай дыяспары, уключна з перспектывай увядзення польскай мовы як замежнай у брытанскіх школах.
Прэм’ер Кір Стармер, у сваю чаргу, адзначыў, што Польшча застаецца ключавым партнёрам Лондана ў сферы еўрапейскай бяспекі, падкрэсліўшы ўзаемную павагу і гістарычную блізкасць дзвюх краін.
iar/pap/эж