Беларуская Служба

Прэзідэнт Польшчы ў Давосе закліча да еднасці заходняга свету 

20.01.2026 10:11
Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі правядзе шэраг сустрэч, у тым ліку з прэзідэнтам Арменіі і кіраўніком Сусветнага банка.
Прэзідэнт Рэспублікі Польшча Караль НаўроцкіPAP/Jakub Kaczmarczyk

У Давосе распачаўся Сусветны эканамічны форум, у якім бяруць удзел каля трох тысяч чалавек — лідары дзяржаў і прадстаўнікі буйного бізнесу. Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі правядзе шэраг сустрэч, у тым ліку з прэзідэнтам Арменіі і кіраўніком Сусветнага банка.

Як паведаміў кіраўнік прэзідэнцкага Бюро міжнароднай палітыкі Марцін Пшыдач, адной з ключавых тэм перамоў стане бяспека Еўропы:

«Пытанні міжнароднай бяспекі нельга разглядаць у адрыве ад эканомікі, бо адсутнасць міру і нарастанне напружанасці непасрэдна ўплываюць на эканамічную сітуацыю. Асноўнае пасланне польскага прэзідэнта будзе заключацца ў падтрымцы архітэктуры бяспекі, заснаванай на агульнапрызнаных прынцыпах і гарантаванай ключавымі дзяржаўна-эканамічнымі інстытутамі заходняга свету, да якога належыць Польшча»,  заявіў дыпламат. 

Форум у Давосе традыцыйна становіцца пляцоўкай для кулуарных сустрэч з вядучымі палітыкамі і прадстаўнікамі бізнесу. У праграме прэзідэнта Польшчы — таксама перамовы з кіраўнікамі глабальных кампаній, якія ўжо інвестуюць або плануюць інвеставаць у польскую эканоміку.

Падчас форуму ўдзельнікі абмяркуюць шырокае кола пытанняў — ад геапалітыкі і суперніцтва сусветных дзяржаваў да развіцця і канкурэнтаздольнасці, штучнага інтэлекту, кліматычных зменаў, энергетыкі і аховы акіянаў. Усяго ў жывым эфіры будзе транслявацца больш за 200 панэльных дыскусій.

iar/эж