Польская паліцыя летась канфіскавала рэкордную колькасць наркотыкаў — 29 тон. Большасць паходзіла з нелегальных лабараторый, размешчаных на тэрыторыі краіны. Аднак наркабізнэс змяняе свой твар: у яго ўсё больш уключаюцца замежныя злачынныя групы, у тым ліку з Мексікі, піша газета Rzeczpospolita.
Польскі чорны рынак фактычна захапілі так званыя «крышталі», якія называюць «какаінам для бедных». Паводле даных, якія атрымала выданне, летась паліцыя перахапіла іх удвая больш, чым годам раней.
Больш за 20 тон наркотыкаў, канфіскаваных у 2025 годзе, былі выраблены ў Польшчы — у нелегальных лабараторыях, што належаць арганізаваным злачынным групам, паведаміў Міхал Аляксандровіч з Цэнтральнага следчага бюро паліцыі.
Агульны аб’ём канфіскаваных рэчываў вырас на 7,3 тоны ў параўнанні з 2024 годам і ўдвая — у параўнанні з 2023-м. Попыт на марыхуану і гашыш знізіўся, а какаіну было перахоплена 3,8 тоны — крыху менш, чым раней. Затое рэзкі рост назіраецца ў сегменце сінтэтычных наркотыкаў — клафедрону і Alfa-PVP. Іх аб’ём склаў 18 тон супраць 9,7 тоны годам раней. Вытворчасць мефедрону павялічылася ў пяць разоў — да 560 кілаграмаў.
«Крышталі» вырабляюцца ў польскіх лабараторыях: за год паліцыя ліквідавала 58 такіх аб’ектаў. Яны становяцца ўсё больш маштабнымі і прафесійнымі — кошт канфіскаванай прадукцыі з адной лабараторыі часта складае дзясяткі мільёнаў злотых.
Змяняецца і профіль злачынцаў: да наркабізнэсу далучаюцца замежнікі. У Польшчы ўпершыню было выкрыта падпольная вытворчасць метадону, арганізаванае грамадзянамі Украіны. Акрамя таго, з’явіліся групы, звязаныя з мексіканскімі картэлямі, аднак іх дзейнасць была спынена на раннім этапе.
эж