Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская і яе офіс з сённяшняга дня пачынаюць працаваць у Варшаве

30.01.2026 13:42
Узровень бяспекі офіса Ціханоўскай у Літве быў зніжаны ў кастрычніку 2025 года.
 .
Святлана Ціханоўская.Фота: Беларуская служба Польскага радыё

30 студзеня 2026 года афіцыйна пачынаецца праца Пераходнага кабінета Беларусі Святланы Ціханоўскай у сталіцы Польшчы.

Выданне Rzeczpospolita цытуе Ціханоўскую, якая тлумачыць, чаму пераехала з Вільні:

«Я думала, што вярнуся на радзіму з Вільні, якая знаходзіцца ўсяго ў 30 км ад мяжы з Беларуссю. Але сітуацыя з бяспекай у Літве змянілася. Гэта тычыцца не толькі маёй асабістай бяспекі, але і бяспекі супрацоўнікаў нашага офіса. Гэта прымусіла мяне шукаць альтэрнатыўныя рашэнні і рэарганізаваць нашу дзейнасць».

Святлана Ціханоўская не паведаміла падрабязнасцей пра прычыны рашэння літоўскага ўрада, але дыпламатычна падзякавала Літве за тое, што яна прыняла яе і дазволіла Аб'яднанаму пераходнаму кабінету міністраў працаваць з жніўня 2020 года.

Дакладна невядома, дзе будзе знаходзіцца офіс Ціханоўскай. Газета не выключае, што дэмакратычную лідарку і яе паплечнікаў прымуць у Беларускім доме ў Варшаве.

Муж і дзеці палітыка зараз знаходзяцца ў ЗША, але ў будучыні дзеці будуць жыць у Варшаве і наведваць польскую школу, пацвердзіла Ціханоўская.

Узровень бяспекі офіса Ціханоўскай у Літве быў зніжаны ў кастрычніку 2025 года. Літоўскія кансерватары, якія выступаюць супраць цяперашняга ўрада сацыял-дэмакратаў, раскрытыкавалі гэтае рашэнне.

Крыніца: Kresy24.pl

нг