Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Польшча выходзіць з Атаўскай канвенцыі. Навошта краіне патрэбныя супрацьпяхотныя міны?

15.02.2026 08:27
Пакуль рана казаць пра тое, у якім маштабе і дзе будуць захоўвацца супрацьпяхотныя міны.
  . .
Папярэджанне аб мінах. Ілюстрацыя. Фота: Pixabay / geraldsimon00

Неўзабаве Польшча зможа масава вырабляць і захоўваць супрацьпяхотныя міны. 20 лютага, пасля шасцімесячнага папярэджання, Польшча выходзіць з Атаўскай канвенцыі, якая забараняе выкарыстанне, захоўванне, вытворчасць і перадачу супрацьпяхотных мін.

Мэта гэтага рашэння — умацаваць абарону тэрыторыі краіны. Яанна Клюзік-Расткоўска, намесніца кіраўніка Камітэта нацыянальнай абароны Сейма, заявіла Польскаму радыё, што гэта правільнае рашэнне. Яна адзначыла, што, напрыклад, украінскі вопыт паказаў нам, што варта мець розныя магчымасці.

— На пачатку поўнамаштабнага ўварвання ўкраінцы выкарысталі амаль тры мільёны супрацьпяхотных мін на мяжы, гэта даволі моцна стрымала расійскіх салдат. Аказалася, што гэтыя міны вельмі патрэбныя. Калі б здарыўся канфлікт, такія міны і так будуць на нашай тэрыторыі. Пытанне ў тым, ці гэта будуць расійскія міны, ці нашы ўласныя.

Аднак дэпутатка ад Грамадзянскай кааліцыі падкрэсліла, што пакуль рана казаць пра тое, у якім маштабе і дзе будуць захоўвацца супрацьпяхотныя міны.

Польшча — не адзіная краіна, якая выходзіць з Атаўскай канвенцыі. У мінулым годзе тры балтыйскія краіны — Эстонія, Латвія і Літва — завяршылі свой выхад. Фінляндыя таксама пакінула канвенцыю раней у гэтым годзе.

IAR/нг