Тэст на веданне граматыкі, сачыненне і вусны адказ на тэму з беларускай літаратуры — з такімі заданнямі сёння (19 сакавіка) змагаліся ўдзельнікі фіналу Алімпіяды беларускай мовы ў Польшчы. Вядучай тэмай сёлетніх змаганняў была творчасць Уладзіміра Караткевіча.
У цэнтральным этапе прынялі ўдзел 15 вучняў сярэдніх школ з Бельска-Падляшскага, Гайнаўкі і Беластока.
Алімпіяда па беларускай мове арганізуецца з 1994 года Кафедрай беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Старшыня арганізацыйнага камітэту алімпіяды Вольга Трацяк адзначае, што алімпіяда па беларускай мове — адзіная сярод моваў меншасцяў у Польшчы:
— Для нас гэта гонар унесці нешта вартаснае ў па-над адукацыйны працэс. Вучні сярэдніх школ разам з настаўнікамі вывучаюць матэрыял, які не ўваходзіць у школьную праграму. Мы цешымся, што можам прадоўжваць традыцыю, якая трывае ўжо 32 гады.
Тытул лаўрэата і фіналіста алімпіяды не толькі дае магчымасць атрымаць большую колькасць балаў на экзамене на атэстат сталасці па беларускай мове, але і паступіць па-за конкурсам у вядучыя навучальныя ўстановы Польшчы.
Вынікі Алімпіяды па беларускай мове будуць вядомыя праз два тыдні.
ав