Грамадзянін Беларусі выдвараны з Польшчы з 10-гадовай забаронай на вяртанне ў краіну, а таксама забаронай на ўезд у Шэнгенскую зону, паведаміў Надбужанскі атрад польскай Памежнай службы.
Паводле інфармацыі ведамства, мужчына «адбываў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення свабоды ў сувязі з вынесеным у дачыненні да яго судовым прыгаворам за здзяйсненне забойства», паведамляе «Позірк».
Прэс-служба памежнікаў адзначыла, што беларус, затрыманы пасля выхаду з папраўчай установы, прызнаны «пагрозай для бяспекі».
— Замежнік пакінуў Польшчу праз памежны пераход у Тэрэспалі (з беларускага боку пункт пропуску Брэст – рэд.) і атрымаў 10-гадовую забарону на ўезд у Рэспубліку Польшча і Шэнгенскую зону, — гаворыцца ў паведамленні.
У сярэдзіне гэтага тыдня праваабарончая ініцыятыва Dissidentby паведаміла, што, згодна з атрыманымі ёю данымі Памежнай службы, за апошнія 2,5 месяца на патрабаванне ўладаў Польшчы краіну добраахвотна ці прымусова пакінулі 192 грамадзяніны Беларусі.
У 2025 годзе польскае памежнае ведамства выканала больш за 9 тыс. 400 рашэнняў, якія прадпісваюць замежнікам пакінуць тэрыторыю краіны ў добраахвотным або прымусовым парадку, паведамляў раней партал Onet.pl, які атрымаў адпаведныя даныя ў адказ на свой зварот у ведамства.
Грамадзян Беларусі тычылася амаль 1 тыс. 300 (СМІ аперавала прыблізнымі лічбамі), ці крыху менш за 14% усіх рашэнняў. Адзначалася, што з гэтай колькасці «каля 130» беларусаў было выслана прымусова (прыкладна 10%).
Згодна з прадстаўленымі ў матэрыяле данымі, за 2024 год (у гэтым выпадку выкарыстаныя дакладныя лічбы) з Польшчы дэпартавалі 1 тыс. 377 грамадзян Беларусі, у тым ліку ў прымусовым парадку — 66.
вс