Беларуская Служба

Кіраўнік МЗС Польшчы пра візіт прэзідэнта Наўроцкага ў Венгрыю: Гэта заангажаванне ў выбарчую кампанію

23.03.2026 14:01
Міністр Радаслаў Сікорскі не разумее, чаму Польшча павінна падтрымліваць «самага карумпаванага і прапуцінскага палітыка ў Еўропе».
Кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі PAP/Rafał Guz

Пасля святкавання Дня польска-венгерскага сяброўства ў Польшчы (23 сакавіка) прэзідэнт Караль Наўроцкі вылеціць у Будапешт, каб яшчэ раз сустрэцца з прэзідэнтам Тамашам Шуёкам і прэм'ерам Віктарам Орбанам.
Венгерскія СМІ чакаюць, што прэзідэнт Польшчы падтрымае кіраўніка венгерскага ўрада, які балатуецца на чарговы тэрмін паўнамоцтваў. Нагадаем, парламенцкія выбары ў Венгрыі адбудуцца 12 красавіка.

Згаданы крок раскрытыкаваў міністр замежных спраў Польшчы. «Я хацеў бы ведаць, чаму Польшча павінна падтрымліваць самага карумпаванага і прапуцінскага палітыка ў Еўропе», – задаецца пытаннем Радаслаў Сікорскі  (Radosław Sikorski):

— На жаль, гэта відавочнае заангажаванне ў выбарчую кампанію і падтрымка дзейнага прэм’ера, які, дарэчы, блакуе важныя польскія ініцыятывы. Нагадаю, Венгрыя блакуе выплату Польшчы кампенсацыі за ваенную дапамогу, якую мы аказалі Украіне. Гаворка ідзе пра два мільярды злотых.

Віцэ-прэмʼер дадаў, што Будапешт таксама блакуе іншыя ініцыятывы ЕС, у тым ліку 20-ы пакет санкцый супраць Расіі.

— Дадаткова Венгрыя блакуе выплату Украіне пазыкі ў памеры 90 мільярдаў еўра, якая павінна дапамагчы краіне абараняцца ад Пуціна. Усё гэта важныя справы. Калі б, напрыклад, прэзідэнт (Караль Наўроцкі- рэд.) дабіўся адмены вугорскага вета або прывёз з сабой назад у Польшчу дваіх уцекачоў, якія ў Вугоршчыне хаваюцца ад польскай сістэмы правасуддзя, тады я б зразумеў… Усё ж пакуль я не разумею, якім чынам гэтая паездка выгадна Польшчы.

Між тым, газета The Washington Post паведаміла, што міністр замежных спраў Венгрыі даўно перадае міністру замежных спраў Расіі бягучую інфармацыю з самітаў ЕС.

IAR/аз

Прэзідэнт Польшчы збіраецца ў Будапешт, каб напярэдадні выбараў падтрымаць Орбана

22.03.2026 11:01
Імаверны візіт ужо раскрытыкавалі прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск і міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі.