Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі падчас канферэнцыі CPAC у ЗША прадставіць польскае бачанне геапалітыкі. Пра гэта паведаміла прадстаўніца Канцылярыі прэзідэнта Барбара Соха.
— Прэзідэнт выступіць на CPAC і будзе гаварыць пра польска-амерыканскія адносіны. Думаю, гэта будзе вельмі добрая прамова, якая пакажа ў Злучаных Штатах польскую перспектыву, польскае бачанне геапалітыкі, нашай сітуацыі, сітуацыі ў Еўропе і, вядома, таго, што адбываецца за нашай усходняй мяжой.
Сустрэча Караля Наўроцкага з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам не плануецца, бо амерыканскі палітык не ўдзельнічае ў сёлетнім мерапрыемстве.
CPAC (Conservative Political Action Conference) — гэта штогадовая канферэнцыя кансерватыўных палітыкаў і актывістаў, якая праходзіць у ЗША. Сёлета яе прымае Далас. Выступ польскага прэзідэнта запланаваны на апошні дзень.
Акрамя ўдзелу ў CPAC, польскі лідар наведае заводы кампаніі Lockheed Martin, дзе вырабляюць самалёты F-35, і сустрэнецца з мясцовай польскай дыяспарай.
iar/эж