Беларуская Служба

Тэатр, створаны акцёрамі з Беларусі, з поспехам выступае перад польскай публікай

27.03.2026 08:56
Тэатр павінен аб'ядноўваць людзей – сёлетняе пасланне да Міжнароднага дня тэатра. Сёння адзначаецца Міжнародны дзень тэатра.
   25  BY Teatr       a 1915
Да Дня Волі 25 сакавіка BY Teatr паказаў у Варшаве спектакль пад назвай «Бежaнства 1915»Беларуская служба Польскага радыё/Я.Смялоўская

— Тэатр павінен абʼядноўваць людзей, супольнасці і культуры — гэта дэвіз сёлетняга паслання да Міжнароднага дня тэатра, які адзначаецца 27 сакавіка. У гэтым годзе яго падрыхтаваў акцёр і тэатральны стваральнік Уілем Дэфо.

З нагоды Міжнароднага дня тэатра варта адзначыць, што тэатр, створаны акцёрамі з Беларусі, якія былі вымушаныя эміграваць з радзімы, усё часцей звяртаецца да польскай публікі.

Да Дня Волі 25 сакавіка BY Teatr паказаў у Варшаве спектакль пад назвай «Бежaнства 1915» паводле кнігі карэннай беларускі ў Польшчы Анэты Онішк-Прымакі. Дзве пастаноўкі гэтай пʼесы ў Варшаве сабралі поўныя залы. Польская публіка сустрэла спектакль бурнымі апладысментамі.

Рэжысёрам спектакля зʼяўляецца Андрэй Новік, які таксама выступіў на сцэне разам з Марыяй Чыквін, Дарʼяй Новік і Аляксеем Сапрыкіным.

«Бежаньства 1915» — гэта спектакль паводле кнігі Анэты Прымакі-Онішк «Бежаньства 1915: Забытыя бежанцы». Асновай сцэнарыя зʼяўляецца гісторыя жыхароў усходняй Польшчы, якіх царскія ўлады вымусілі эвакуявацца ўглыб Расіі пасля пачатку Першай сусветнай вайны.

У пʼесе гучаць чатыры мовы: польская, беларуская, руская і мясцовы дыялект беларусаў з Падляшша.

Для папулярызацыі тэатральнага мастацтва ў Польшчы была арганізавана сацыяльная кампанія «Тэатр. Мастацтва быць сабой. У многіх дзеяннях».

Юстына Чарнота, дырэктар польскага Тэатральнага інстытута, заклікае людзей часцей наведваць тэатры.

— Нават тыя, хто ходзіць у тэатр, ходзяць вельмі рэдка. Такім чынам цяжка развіць густ, таму мы хацелі б заахвоціць людзей хадзіць у тэатр. Яны павінны часцей спрабаваць рэчы, праверыць, што ім асабліва цікава, што для іх важна. Гэта будзе падобна, напрыклад, як з фільмамі ці кнігамі. Такім чынам людзі змогуць паступова адкрываць для сябе, што ім больш падабаецца, а што менш.

Міжнародны дзень тэатра быў заснаваны ў 1961 годзе падчас Кангрэса Міжнароднага інстытута тэатра ЮНЕСКА ў Хельсінкі. Кожны год з гэтай нагоды выдатныя тэатральныя дзеячы пішуць пракламацыю. Сёлета польскую пракламацыю напісаў тэатральны рэжысёр Марцін Вежхоўскі.

яс