10 красавіка 2010 года ў катастрофе самалёта Ту-154 пад Смаленскам загінулі 96 чалавек, у тым ліку прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі з жонкай Марыяй, апошні прэзідэнт у выгнанні Рышард Качароўскі і вышэйшае ваеннае кіраўніцтва краіны. Польская дэлегацыя накіроўвалася на жалобныя ўрачыстасці, прымеркаваныя да 70-й гадавіны Катынскай трагедыі.
Пасля паведамлення пра трагедыю ў Польшчы абвясцілі жалобу: па ўсёй краіне людзі вывешвалі сцягі з чорнымі стужкамі, жыхары сталіцы неслі кветкі і знічы да Прэзідэнцкага палаца.
Абавязкі кіраўніка дзяржавы ўзяў на сябе маршалак (старшыня) Сейма Браніслаў Камароўскі, які і звярнуўся да нацыі.
— Мой абавязак — прызначыць цягам двух тыдняў дату выбараў прэзідэнта, якія павінны адбыцца не пазней чым праз 60 дзён ад дня іх абвяшчэння. Я маю намер зрабіць гэта пасля кансультацый з усімі парламенцкімі клубамі.
Развітанне з ахвярамі доўжылася да канца красавіка. Труны выстаўляліся ў Варшаве і іншых гарадах, адбываліся дзяржаўныя і сямейныя цырымоніі. Пахаванне прэзідэнцкай пары адбылося 18 красавіка ў Кракаве, на Вавелі. У цырымоніі ўдзельнічалі 150 тысяч чалавек, а таксама прадстаўнікі ўладаў многіх краін свету.
Прычыны катастрофы дагэтуль не высветленыя, РФ не вярнула Польшчы абломкі ўрадавага борта.
iar/эж