11-га красавіка пачалася чарговая агульнанацыянальная сацыяльна-адукацыйная кампанія «Я памятаю. Катынь 1940». Яна была ініцыяваная Нацыянальным цэнтрам культуры, які з 2007 года, з нагоды Дня памяці ахвяр Катынскага злачынства 13 красавіка, распаўсюджвае, сярод іншага, копіі гузікаў з формы польскіх афіцэраў, забітых савецкімі катамі вясной 1940 года.
Сёлета да кампаніі далучыліся Катынскі музей, Інстытут імя Пілецкага і Інстытут нацыянальнай памяці, а іх супрацоўнікі будуць распаўсюджваць копіі «катынскіх гузікаў».
Якуб Керсікоўскі тлумачыць, што гузікі – гэта надзвычай сімвалічны сувенір, непарыўна звязаны з Катынскай трагедыяй.
— Гэты гузік зроблены паводле ўзору сапраўднага гузіка, знойдзенага падчас эксгумацыі, нагадвае пра ахвяры, пра іх лёс, і дазваляе больш пра іх даведацца. Да кожнага гузіка прыкладаюцца 20 біяграфій некаторых ахвяр Катынскага злачынства.
Якуб Керсікоўскі падкрэслівае, што ідэя далучэння біяграфій ахвяр злачынства да «катынскіх значкоў» надзвычай важная з адукацыйных меркаванняў.
— Памяць пар Катынь мы расказваем праз канкрэтныя гісторыі, праз жыццё канкрэтных людзей. Тады гэта не 22 тысячы ананімных чалавек, а канкрэтныя асобы.
Інстытут імя Пілецкага таксама праводзіць кампанію «Я памятаю. Катынь 1940» у сваіх міжнародных офісах у Берліне і Нью-Ёрку. Якуб Керсікоўскі тлумачыць, што надзвычай важна данесці інфармацыю пра Катынскі расстрэл не толькі да палякаў.
Кампанія па распаўсюджванні копіяў гузікаў з формы польскіх афіцэраў, прызначаная нагадаць нам пра трагічны лёс забітых палякаў, будзе праходзіць з 11-га красавіка да панядзелка 13-га красавіка, калі адзначаецца Дзень памяці ахвяр Катынскага расстрэлу.
Акцыя ладзіцца, каб ушанаваць памяць амаль 22 тысяч польскіх ваеннапалонных, забітых саветамі вясной 1940 года па загаду Сталіна. Сярод іх былі кадравыя афіцэры Польскай арміі, паліцыянты, афіцэры запасу, лекары, настаўнікі, юрысты, дзяржаўныя служачыя і навукоўцы. Дата адносіцца да 13 красавіка 1943 года, калі немцы абвясцілі пра адкрыццё масавых пахаванняў у Катыні.
ПР/юл