Беларуская Служба

Украіна перадала Польшчы малдаваніна, які арганізоўваў рух нелегалаў праз мяжу з Беларуссю 

17.04.2026 10:12
Мужчына кіраваў сеткай перавозкі мігрантаў, знаходзячыся ў розных краінах, у тым ліку ў Польшчы, Егіпце, Малдове і Украіне. 
-  ()
Польска-беларуская мяжа (ілюстрацыя)strazgraniczna.pl

Украіна перадала Польшчы 27-гадовага грамадзяніна Малдовы, якога падазраюць у арганізацыі нелегальнай міграцыі праз беларуска-польскую мяжу. Мужчына знаходзіўся ў міжнародным вышуку — яго шукалі па чырвонай ноце Інтэрпола.

Паводле следства, мужчына кіраваў сеткай перавозкі мігрантаў, знаходзячыся ў розных краінах, у тым ліку ў Польшчы, Егіпце, Малдове і Украіне. Падазраваны арганізоўваў вярбоўку «кіроўцаў-кур’ераў», якія забіралі людзей пасля нелегальнага перасячэння мяжы з Беларусі і дастаўлялі іх у бок Германіі. Грамадзянін Малдовы таксама асабіста ўдзельнічаў у вярбоўцы і каардынаваў перавозкі.

Устаноўлена, што такім чынам было перапраўлена не менш за 124 чалавекі з розных краін, уключаючы Іран, Сірыю, Афганістан і краіны Афрыкі. У схеме ўдзельнічалі як мінімум пяць пасярэднікаў і 22 кіроўцы.

Падазраваны не прызнае віны. Суд у Бельску-Падляскім працягнуў яго арышт. У рамках справы абвінавачанні ўжо прад’яўлены 18 асобам, частка з іх ужо асуджаная.

pap/эж