Беларуская Служба

83 гады таму жыхары варшаўскага гета пачалі няроўную барацьбу з нямецкімі акупантамі

19.04.2026 08:21
На момант выбуху паўстання ў гета знаходзілася ад 50 да 70 тысяч яўрэяў. 
     .
Помнік паўстанцам у гета ў Варшаве.Фота: PAP/Paweł Supernak

У нядзелю, 19 красавіка ў Варшаве адбудуцца мерапрыемствы, прысвечаныя 83-й гадавіне выбуху паўстання ў Варшаўскім гета. Галоўныя ўрачыстасці пачнуцца апоўдні ля Помніка Героям Гета. У іх возьмуць удзел прадстаўнікі яўрэйскай супольнасці, тыя, хто перажыў Халакост, а таксама Праведнікі народаў свету.

У цырымоніях памяці ахвяр трагічнага паўстання прымуць удзел прадстаўнікі дзяржаўных уладаў, у тым ліку прэзідэнт Караль Наўроцкі, маршалак Сейма Уладзімеж Чажасты і маршалак Сената Малгажата Кідава-Блоньска, а таксама прадстаўнікі мясцовых уладаў, устаноў культуры, дыпламаты і жыхары сталіцы.

Пасля ўскладання кветак і вянкоў удзельнікі пройдуць Маршам Памяці па месцах, звязаных з гісторыяй гета — да помніка «Жэгота», Пліты Шмуэля Зыгельбойма, затым да бункера Анелевіча і на Умшлагплац.

У гадавіну выбуху паўстання Музей гісторыі польскіх яўрэяў POLIN арганізуе акцыю «Нарцысы», якая праходзіць пад дэвізам «Нас яднае памяць». Сотні валанцёраў будуць раздаваць на вуліцах папяровыя жоўтыя нарцысы як сімвал павагі і памяці. Штогод — 19 красавіка — нарцысы ўскладаў ля Помніка Героям Гета Марэк Эдэльман, апошні кіраўнік Яўрэйскай баявой арганізацыі.

Паўстанне ў Варшаўскім гета было найбуйнейшым узброеным выступленнем яўрэяў падчас Другой сусветнай вайны. Яно ўспыхнула 19 красавіка 1943 года, калі нямецкія войскі пачалі канчатковую ліквідацыю гета. Яўрэйскія падпольныя арганізацыі распачалі няроўную барацьбу з акупантам, якая працягвалася да 16 мая 1943 года і завяршылася поўным знішчэннем гета.

На момант выбуху паўстання ў гета знаходзілася ад 50 да 70 тысяч яўрэяў. Каля 6 тысяч загінулі ў баях, яшчэ 7 тысяч былі забітыя падчас пакаранняў смерцю, столькі ж вывезлі ў Трэблінку, а каля 36 тысяч дэпартавалі ў Аўшвіц-Біркенаў, Майданэк і іншыя нямецкія канцлагеры.

IAR/нг

17 тысяч валуноў – маўклівых сведкаў гісторыі, ахоўваюць памяць ахвяр Халакосту ў лагеры смерці «Трэблінка» (ФОТА)

19.04.2026 07:01
Пра памяць аб ахвярах паўстання ў Варшаўскім гета нагадваюць не толькі жоўтыя нарцысы, якія валанцёры раздаюць мінакам 19 красавіка.

Прэзідэнт Польшчы прыме ўдзел у адзначэнні пачатку паўстання ў Варшаўскім гета

18.04.2026 15:23
«Прысутнасць прэзідэнта – гэта жэст павагі людзям, якія выступілі супраць акупантаў у імя свабоды».