Бяспека і ваеннае супрацоўніцтва — гэта ключавыя тэмы Першага міжурадавага польска-французскага саміта. Прэзідэнт Францыі і некалькі міністраў французскага ўрада прыбываюць у Гданьск, каб абмеркаваць з прадстаўнікамі польскага ўрада найбольш важныя для абедзвюх краін пытанні.
— У той час, калі мы назіраем геапалітычную дэстабілізацыю, вайну на Блізкім Усходзе, якая шкодзіць усім нам, (...) стратэгія Вашынгтона змянілася (...) мая задача — абараніць польска-амерыканскія і еўрапейска-амерыканскія адносіны ад узрушэнняў, — сказаў прэм'ер Дональд Туск пра мэту сустрэчы з Эманюэлем Макронам.
Польскі прэмʼер падкрэсліў, што амерыканцы павінны зразумець, што Еўрапейскі Саюз — гэта лепшае, што магло здарыцца з Еўропай. Ён выказаў надзею, што спробы дэстабілізацыі супольнасці спыняцца.
— Гэта вельмі сурʼёзная геастратэгічная памылка. І я таксама вельмі хацеў бы бачыць Амерыку і Еўропу зноў абʼяднанымі супраць расійскай агрэсіі ва Украіне. Мы абмяркуем гэта з прэзідэнтам Макронам. Мы з прэзідэнтам Макронам маем вельмі падобныя погляды на тое, як узмацніць Еўропу, суверэнітэт Польшчы, Францыі і Еўропы, і як супрацоўнічаць у галіне бяспекі, у тым ліку выкарыстоўваючы ядзерны патэнцыял Францыі, — сказаў Дональд Туск.
У саміце прымуць удзел прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў, абароны, энергетыкі, а таксама культуры і нацыянальнай спадчыны. Гэта першы міжурадавы саміт з моманту падпісання Дагавора аб пашыраным супрацоўніцтве і сяброўстве паміж Польшчай і Францыяй у Нансі ў траўні мінулага года.
Згодна з яго палажэннямі, абедзве краіны павінны развіваць адносіны ў галіне абароны, эканомікі і культуры.
Першы міжурадавы польска-французскі саміт у Гданьску праходзіць у Дзень польска-французскага сяброўства, які быў заснаваны, падпісаным год таму дагаворам.
IAR/аз