Польскі ваенны рыштунак будзе праходзіць выпрабаванні непасрэдна на ўкраінскім фронце. Пра гэта заявіў намеснік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Цэзары Томчык падчас міжнароднай канферэнцыі «Road to URC – Security and Defence Dimension», якая праходзіць у Жэшаве.
Мерапрыемства з’яўляецца часткай падрыхтоўкі да канферэнцыі па адбудове Украіны (URC), запланаванай на чэрвень у Гданьску, і аб’ядноўвае прадстаўнікоў уладаў, абароннай прамысловасці і экспертаў з розных краін.
Паводле Томчыка, Украіна сёння — «унікальны палігон», дзе можна правяраць эфектыўнасць тэхнікі ва ўмовах рэальнага бою.
— Гэта сапраўдная карціна таго, што працуе, а што не, — адзначыў палітык.
Польскі бок плануе спалучаць выпрабаванні на месцы з тэставаннем на фронце. Асобная ўвага надаецца супрацоўніцтву ў сферы дронаў і абмену тэхналогіямі. Разглядаецца і магчымасць сумеснай вытворчасці беспілотнікаў. Мэта — умацаванне агульнага тэхналагічнага патэнцыялу і падтрымка Украіны ва ўмовах абарончай вайны.
pap/эж