Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW) займаецца праблемай выкарыстання крыптавалют для фінансавання дыверсій і дзейнасці злачынных груп. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў Польшчы Яцэк Дабжыньскі.
Паводле яго, у межах сваіх паўнамоцтваў ABW аналізуе пагрозы, якія могуць падрываць эканамічныя асновы дзяржавы.
— На ўсіх этапах агенцтва падтрымлівала і падтрымлівае заканадаўчы працэс, накіраваны на абмежаванне рызык функцыянавання такіх суб’ектаў, як Zondacrypto, на польскім фінансавым рынку, — адзначыў Дабжыньскі.
Прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў Польшчы дадаў, што спецслужба перадавала інфармацыю пра рынак крыптавалют адпаведным дзяржаўным органам, а гэтыя дадзеныя былі прадстаўлены 5 снежня мінулага года на спецыяльным пасяджэнні Сейма.
ABW супрацоўнічае з пракуратурай, паліцыяй і структурамі Міністэрства фінансаў у барацьбе з фінансавымі злачынствамі. Пры гэтым ацэнка рызык прыватных інвестыцый у замежныя фінансавыя інструменты не ўваходзіць у кампетэнцыю спецслужбаў.
iar/эж