Паводле Еўракамісіі, Варшава не прыняла дастатковых мер для адраджэння ракі Одры пасля стыхійнага бедства 2022 года. Калі Польшча не адрэагуе на заўвагі Еўракамісіі, супраць яе можа быць пададзены пазоў у Еўрапейскі суд.
— Стан вод, асяроддзя пражывання і відаў у Польшчы сістэматычна пагаршаецца, — заявіла Еўракамісія ў прэс-рэлізе, абгрунтоўваючы пачатак працэдуры супраць Польшчы.
Паводле Еўракамісіі, таксічнае цвіценне водарасцяў у рацэ Одра, якое прывяло да масавай гібелі рыбы летам 2022 года, з'яўляецца прыкладам пагаршэння стану прыроды. Цвіценне «залатых водарасцяў» знішчыла водныя арганізмы ўздоўж 500-кіламетровага ўчастка ракі, у тым ліку больш за 360 тон рыбы.
Еўрапейская камісія адзначыла, што асноўнымі прычынамі інтэнсіўнага «цвіцення» вады з’яўляюцца высокая салёнасць і вялікая колькасць пажыўных рэчываў. Паводле яе дадзеных, Польшча пакуль не здолела вырашыць гэтыя праблемы ў басейне Одры.У выніку летам 2024 года там зноў было знойдзена больш за 100 тон мёртвай рыбы. Паводле звестак Еўрапейскай камісіі, у гэтым раёне ўсё яшчэ сустракаюцца «залатыя водарасці», а салёнасць вады застаецца высокай.
Еўрапейская камісія раскрытыкавала польскія ўлады за дазвол на зліў салёнай вады ў раку, нягледзячы на негатыўны ўплыў на якасць вады.
— Дзеянні, прынятыя Польшчай, былі недастатковымі для таго, каб змяніць пагаршэнне якасці вады і забяспечыць яе аднаўленне. Польшча таксама не прыняла неабходных мер для аднаўлення ахоўных месцаў пражывання і відаў, якія сустракаюцца ўздоўж ракі, такіх як гарчак і шчыпоўка, — падкрэсліваецца ў заўвагах Еўрапейскай камісіі.
Таксама адзначаецца, што Польшча прыняла план кіравання рачным басейнам без уліку стыхійнага бедства летам 2022 года і яго наступстваў.
Тым часам рака Одра, як падкрэсліла Еўрапейская камісія, зʼяўляецца ключавым водным шляхам у Цэнтральнай Еўропе і дазваляе выкарыстоўваць шырокі спектр экасістэмных паслуг, такіх як рыбалоўства, пітная вада, адпачынак і турызм.
Паводле Еўрапейскай камісіі, Польшча парушае палажэнні Рамачнай дырэктывы па водах, Дырэктывы аб прамысловых выкідах, а таксама Дырэктывы аб асяроддзі пражывання і Дырэктывы аб птушках.
На першым этапе разгляду справы, распачатай супраць Польшчы, Еўрапейская камісія накіравала афіцыйны ліст. Польскія ўлады маюць два месяцы, каб адказаць і выправіць недахопы, выяўленыя Камісіяй. Калі здавальняючы адказ не будзе атрыманы, Камісія можа прыняць рашэнне аб выдачы абгрунтаванага заключэння і на наступным этапе перадаць справу Польшчы ў Суд ЕС.
PAP/ав