У Польшчы пачаліся выпускныя экзамены — матура. Сёння выпускнікі ліцэяў здаюць экзамен па польскай мове, заўтра — экзамен па матэматыцы, а паслязаўтра — па замежнай мове.
Матура павінна выраўніваць шанцы ўсіх вучняў, незалежна ад таго, дзе яны здаюць экзамен, гаварыла ў эфіры Польскага радыё RDC намесніца міністра нацыянальнай адукацыі Паўліна Пехна-Вянцкевіч.
— Усе здаюць аднолькавы экзамен, які дае тыя ж самыя шанцы, каб трапіць у ВНУ. Чарговая справа: гэта маніторынг кампетэнцыі і дасягненняў маладых людзей з боку дзяржавы.
Пісьмовыя экзамены будуць працягвацца да 21 мая. Вынікі будуць вядомыя ў ліпені.
Выпускнікі сярэдніх школ павінны здаць тры абавязковыя пісьмовыя экзамены на базавым узроўні: па польскай мове, матэматыцы і замежнай мове, і два вусныя экзамены: па польскай мове і замежнай мове. Выпускнікі школ або класаў, дзе мовай навучання з'яўляюцца мовы меншасцей, павінны таксама здаць пісьмовы экзамен па роднай мове на базавым узроўні і вусны экзамен па роднай мове.
Выпускнікі сярэдніх школ таксама павінны здаць адзін абавязковы пісьмовы экзамен на павышаным узроўні. Зацікаўленыя могуць здаць да пяці дадатковых экзаменаў на павышаным узроўні.
Матуру сёлета здаюць амаль 345 тысяч выпускнікоў.
ав