Незалежна ад палітычных поглядаў, польскія палітыкі адзінагалосна падтрымліваюць ідэю павелічэння прысутнасці амерыканскіх войскаў у Польшчы. Гэткая магчымасць узнікла пасля таго, як прэзідэнт Дональд Трамп абвясціў аб вывадзе часткі амерыканскіх войскаў з Германіі.
Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў, што Польшча гатовая прыняць гэтых вайскоўцаў.
Сенатар ад «Грамадзянскай кааліцыі» Гжэгаж Схэтына(Grzegorz Schetyna) лічыць, што ў інтарэсах Польшчы і Еўропы, каб гэтыя войскі заставаліся на Старым Кантыненце.
— Для нас усіх было б лепш, каб яны не выязджалі з Еўропы, не вярталіся ў ЗША. На гэта ёсць шанец і пра гэта варта гаварыць з нашымі амерыканскімі партнёрамі. Трэба толькі пачакаць афіцыйнага рашэння Пентагона і тады падняць гэтае пытанне, — заявіў Гжэгаж Схэтына.
На думку апазіцыі, урад павінен імкнуцца да таго, каб амерыканскія жаўнеры, запланаваныя да вываду з Германіі, былі перадыслакаваныя ў Польшчу. Намеснік прэс-сакратара партыі «Права і справядлівасць» Матэвуш Кужаеўскі(Mateusz Kurzejewski) кажа, што прысутнасць амерыканцаў значна ўмацуе бяспеку краіны.
— У інтарэсе Польшчы і ейнай бяспекі, каб у краіне дыслакавалася як найбольш амерыканскіх вайскоўцаў, бо гэта патэнцыял стрымлівання. Чым больш амерыканцаў у Польшчы, тым меншая рызыка, што Пуцін вырашыць атакаваць нашую краіну, — лічыць палітык ПіС.
Карэспандэнт грамадскага Польскага радыё Марэк Валкускі спытаў у прэзідэнта Дональда Трампа, ці перавядзе ён войскі з Германіі ў Польшчу ці іншую краіну на ўсходнім флангу НАТА, калі наогул вырашыць іх вывесці.
— У нас выдатныя адносіны з Польшчай. У мяне выдатныя адносіны з прэзідэнтам, – адказаў амерыканскі прэзідэнт і нагадаў, што ён падтрымаў кандыдатуру Караля Наўроцкага на выбарах, — заявіў прэзідэнт.
На пытанне, ці выканае ён просьбу польскага прэзідэнта аб павелічэнні колькасці амерыканскіх войскаў у Польшчы, той адказаў: «Магчыма, і зраблю гэта».
На мінулым тыдні Пентагон абвясціў, што плануе вывесці 5 тысяч вайскоўцаў з Германіі. Пазней прэзідэнт Дональд Трамп намякнуў, што гаворка можа ісці пра значна большую колькасць. Афіцыйнае рашэнне пакуль не абвешчанае.
IAR/аз