Міністр нацыянальнай абароны Польшчы абвяргае паведамленні амерыканскіх СМІ аб адмене разгортвання амерыканскіх войскаў у Польшчы. Паводле паведамленняў, армія ЗША нечакана адмяніла запланаванае разгортванне прыблізна чатырох тысяч салдат у Польшчы. Чакаецца, што гэтая інфармацыя будзе пацверджана Міністэрствам абароны ЗША.
Разгортванне тычылася 2-й баявой групы бранятанкавай брыгады 1-й кавалерыйскай дывізіі, таксама вядомай як брыгада «Блэк Джэк», якая дыслакуецца ў Форт-Худзе, штат Тэхас. Калі рашэнне пацвердзіцца, яно скароціць колькасць амерыканскіх войскаў у Еўропе да ўзроўню, які быў да 2022 года.
Міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш хутка адрэагаваў на навіны з ЗША. Міністр напісаў на партале X, што гэтае пытанне не тычыцца Польшчы, а звязана з раней абвешчанай зменай прысутнасці некаторых узброеных сіл ЗША ў Еўропе.
— Пашырэнне магчымасцяў Узброеных сіл Польшчы і прысутнасць амерыканскіх войскаў у Польшчы ўмацоўваюць усходні фланг НАТА, — гаворыцца ў паведамленні Уладзіслава Касіняк-Камыша.
Амерыканскія СМІ паведамляюць, што падраздзяленне рыхтавалася да дзевяцімесячнай ратацыі ў Польшчы ў рамках аперацыі «Атлантычная рашучасць», місіі НАТА, распачатай пасля анексіі Крыму Расіяй у 2014 годзе і пашыранай пасля ўварвання Масквы ва Украіну. Міністэрства абароны ЗША сцвярджае, што разгортванне войскаў прыпынена, але не дало ніякіх тлумачэнняў гэтаму раптоўнаму рашэнню.
Ваенны міністр Піт Хэгсэт раней заявіў, што адміністрацыя Белага дома праводзіць ацэнку ў рамках больш шырокага перагляду разгортвання войскаў за мяжой. Гэтае рашэнне было прынята праз некалькі тыдняў пасля таго, як Пентагон абвясціў аб планах вывесці прыблізна 5000 вайскоўцаў з Германіі — крок, па словах чыноўнікаў Міністэрства абароны, быў выкліканы пераглядам балансу сіл і аператыўных патрэб у Еўропе.
ПР/юл