Беларуская Служба

Польскія ўлады затрымалі расійскага «вора в законе»

15.05.2026 09:01
Суд загадаў змясціць мужчыну ў ахоўны цэнтр для замежнікаў, дзе ён будзе знаходзіцца да дэпартацыі.
Ілюстрацыйнае фотаPAP/Marian Zubrzycki

У Мазавецкім ваяводстве ўлады затрымалі грамадзяніна Расіі. Паводле інфармацыі паліцыі, мужчына мае статус «вора в законе» і можа быць звязаны з арганізаванай злачыннасцю ў Польшчы.

У аперацыі ўдзельнічалі супрацоўнікі Цэнтральнага бюро расследаванняў паліцыі, Агенцтва ўнутранай бяспекі і Памежнай службы. Арышт адбыўся ў канцы красавіка ў Мазавецкім ваяводстве.

— Паводле высноў супрацоўнікаў, Уладзімір Д. быў «каранаваны» у 1982 годзе. Згодна з сабранай інфармацыяй, мужчына мог кіраваць дзейнасцю злачыннай групы, у тым ліку арганізацыяй і ходам запланаваных злачынстваў, а таксама размеркаваннем сродкаў, атрыманых ад злачыннай дзейнасці, — сказаў Кшыштаф Вжэсьнёўскі, прэс-сакратар Цэнтральнага бюро расследаванняў паліцыі.

Паліцыянт растлумачыў, што супраць затрыманага быў выдадзены зялёны ордар Інтэрполу, які служыць папярэджаннем для праваахоўных органаў дзяржаў-членаў аб асобе, якая можа ўяўляць пагрозу грамадскай бяспецы ў краіне пражывання.

Камандзір памежнага пункта ў Варшаве вынес рашэнне, якое абавязвае замежніка вярнуцца ў Расійскую Федэрацыю ў адпаведнасці з палажэннямі Закона аб замежніках.

З-за адсутнасці дзейнага падарожнага дакумента суд загадаў змясціць 79-гадовага мужчыну ў ахоўны цэнтр для замежнікаў, дзе ён будзе знаходзіцца да пацверджання яго асобы, што неабходна для правядзення працэдуры дэпартацыі.

PAP/юл