Беларуская Служба

Чаканні ад візіту новага прэм'ера Венгрыі ў Польшчу не толькі палітычныя, але і эканамічныя

19.05.2026 12:00
Сёння (19 мая) пасля абеду новы прэм'ер-міністр Венгрыі Петэр Мадзьяр пачне свой першы замежны візіт. Ён наведае Кракаў, Варшаву і Гданьск.
Петэр МадзьярPAP/EPA/Zoltan Balogh

У Кракаве ён сустрэнецца з кардыналам Гжэгажам Рысем. Затым адправіцца ў Варшаву, дзе правядзе перамовы з прэм'ер-міністрам Дональдам Тускам і прэзідэнтам Каралем Наўроцкім. У Гданьску ён наведае Еўрапейскі цэнтр салідарнасці і сустрэнецца з былым прэзідэнтам Польшчы і былым лідарам «Салідарнасці» Лехам Валенсам. Гэта будзе першая замежная паездка венгерскага лідара ў якасці кіраўніка венгерскага ўрада.

Старшыня Польскай гандлёва-прамысловай палаты Марэк Клочка спадзяецца, што гэты візіт адкрые дзверы для новых польска-венгерскіх эканамічных праектаў. Патэнцыял вялікі.

— У Польшчы ёсць венгерскія фірмы, польскія кампаніі ў Венгрыі. Пераважна яны месцяцца ў Сілезіі, Паўднёвай Польшчы, там, якраз, адносіны добрыя. Ёсць польска-венгерская эканамічная палата, якая аб'ядноўвае некалькі дзясяткаў польскіх і венгерскіх фірм. Гэта дастаткова актыўная арганізацыя.

Сярод венгерскіх кампаній у Польшчы Марэк Клочка назваў у якасці прыкладу нафтавую кампанію MOL.

Ён таксама адзначыў, што ў венграў вельмі добрыя ўніверсітэты, якія таксама могуць быць патэнцыйнай сферай супрацоўніцтва.

Штогадовы тавараабарот паміж Польшчай і Венгрыяй ацэньваецца ў 14,5 мільярда еўра. Польшча прадае больш, чым імпартуе ад венгерскага суседа. Імпарт у першую чаргу тычыцца фармацэўтычных прэпаратаў, вырабаў з пластмас, электрычнага і электроннага абсталявання, а таксама Польшча прадае ў Венгрыю, напрыклад, машыны, транспартныя сродкі і запчасткі, вырабы з медзі і металу, а таксама сельскагаспадарчую і харчовую прадукцыю.

ав