Беларуская Служба

70‑годдзе беларусістыкі ў Польшчы адзначылі адмысловай манаграфіяй

20.05.2026 20:32
Шмат гадоў на Кафедры беларусістыкі выкладала і яе ўзначальвала прафесар Ніна Баршчэўская – заснавальніца і шматгадовы галоўны рэдактар Беларускай службы Польскага радыё.
    .
Выкладчыкі Кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту. Крыніца: Кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту.

Манаграфія Радаслава Калеты «Мая беларусістыка. З польска-беларускіх лінгвістычных і глотадыдактычных даследаванняў» была падрыхтаваная да друку з нагоды 70-годдзя Кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту (раней шмат гадоў навуковая адзінка працавала пад назвай Кафедра беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэту). Кніга ўтрымлівае артыкулы розных гадоў на беларускай і польскай мовах, інфармуе сайт Кафедры беларусістыкі.

Тэксты кіраўніка кафедры, доктара Радаслава Калеты былі адабраныя для публікацыі з розных галін, такіх як: беларускі правапіс, міжмоўная аманімія, транслітарацыя і транскрыпцыя беларускага алфавіта, бібліяграфічныя базы даных, стаўленне да беларускай мовы, мовазнаўчыя беларусістычныя біяграфіі (навукоўцаў, важных для польскай беларусістыкі), польска-беларускія моўныя кантакты і беларусістычная глотадыдактыка.

. .

Манаграфія з’яўляецца своеасаблівым навуковым дзённікам, сведчаннем індывідуальных дасягненняў, якія з’яўляюцца часткай шматгадовай і разнастайнай спадчыны Кафедры беларусістыкі. Кніга таксама можа стаць натхненнем для ўласных даследчых пошукаў у адпаведнасці з этыкай, якую папулярызавала заснавальніца польскай беларусістыкі – прафесар Антаніна Абрэмбска-Яблоньска.

Кнігу можна спампаваць бясплатна з сайту Кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту.

Беларусістыка Варшаўскага ўніверсітэту была заснаваная ў 1956 годзе. Гэта адзіная ў Еўрасаюзе і ў свеце самастойная ўніверсітэцкая навукова-дыдактычная адзінка, якая займаецца даследаваннем беларускай мовы, літаратуры, гісторыі і культуры Беларусі.

Шмат гадоў на Кафедры беларусістыкі выкладала і яе ўзначальвала прафесар Ніна Баршчэўская – заснавальніца і шматгадовы галоўны рэдактар Беларускай службы Польскага радыё.

вс