31 траўня Музей гісторыі польскіх габрэяў POLIN у Варшаве запрашае сем’і з дзецьмі на вялікае свята з гульнямі, творчымі заданнямі. Адукацыйна-забаўляльная праграма даступная на беларускай мове. Пікнік пройдзе з 11:00 да 15:00 у скверы каля музея, а далучыцца да забаваў можна ў любы момант да 14:00.
Сёлета адной з галоўных моваў мерапрыемства стане беларуская. Удзельнікі будуць шукаць «згубленыя» літары і словы, гуляць у моўны крыкет, будаваць Дом Апавяданняў, расшыфроўваць сакрэтныя паведамленні і ствараць уласныя гісторыі. Для дзяцей падрыхтавалі шмат інтэрактыўных заданняў, звязаных з мовамі, алфавітамі і сілай слова.
Арганізатары абяцаюць сапраўдную дзіцячую прыгоду ў Краіне Апавяданняў, дзе можна будзе ажыўляць герояў гісторый, майстраваць лялькі-жывёл і будаваць вялізныя дэкарацыі з блокаў. За выкананыя заданні дзяцей чакаюць сюрпрызы.
Падчас свята будуць працаваць зона адпачынку з шэзлонгамі, гастранамічная пляцоўка і асобная прастора для малечы з сэнсарнымі гульнямі і анімацыямі. Праграма даступная на беларускай, польскай, англійскай, украінскай і польскай мове жэстаў.
эж