Беларуская Служба

Прэзідэнт Польшчы: Украіна ментальна не гатовая стаць часткай еўрапейскай сям'і

29.05.2026 12:20
Караль Наўроцкі прапануе забраць у Зяленскага прэстыжную польскую ўзнагароду.
Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі PAP/Przemysław Piątkowski

Прэзідэнт Караль Наўроцкі прапануе забраць у прэзідэнта Украіны Ордэн Белага Арла. Гэта звязана з рашэннем Уладзіміра Зяленскага прысвоіць аднаму з украінскіх вайсковых падраздзяленняў званне «Героі УПА». Паседжанне камітэта ордэна па гэтым пытанні запланаванае на 8 чэрвеня.

Прэзідэнт Караль Наўроцкі заявіў журналістам, што ён не згодны з праслаўленнем украінскіх злачынцаў.

— Я стаўлюся да гэтага вельмі крытычна. На жаль, прэзідэнт Зяленскі даказаў, што Украіна, у плане ўслаўлення бандытаў і забойцаў з Украінскай паўстанцкай арміі, ментальна не гатовая стаць часткай еўрапейскай сямʼі, таму што ў еўрапейскай сямʼі нельга ўслаўляць бандытаў і забойцаў, якія забівалі жанчын і дзяцей; нельга ўслаўляць УПА, і я гэта ўспрыняў з вялікім сумам,  сказаў прэзідэнт Польшчы.

Па гэтым пытанні выказаўся таксама прэмʼер Дональд Туск. Кіраўнік урада заявіў, што крок Уладзіміра Зяленскага выклікае занепакоенасць.

 Гэта парушае нашу гістарычную адчувальнасць і, на маю думку, непатрэбна ўзводзіць пытанне гістарычных адрозненняў да такога трывожнага ўзроўню. Кожная нацыя мае права на свае ўласныя інтэрпрэтацыі, але нашы ўкраінскія сябры павінны ўсведамляць, што азначае змрочная спадчына УПА з пункту гледжання кожнага паляка. Гэтае рашэнне выклікае трывогу з пункту гледжання нашых адносін,  заявіў прэм’ер Туск.

Нагадаем, Уладзімір Зяленскі быў узнагароджаны Ордэнам Белага Арла  найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай Польшчы  5 красавіка 2023 года рашэннем прэзідэнта Анджэя Дуды.

У абгрунтаванні гаварылася, што ордэн быў уручаны «ў знак прызнання выдатных заслуг у паглыбленні сяброўскіх і ўсебаковых адносін паміж Польшчай і Украінай, за развіццё супрацоўніцтва ў мэтах дэмакратыі, міру і бяспекі ў Еўропе, а таксама за нязменнасць у абароне неадʼемных правоў чалавека».

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі вырашыў прысвоіць Незалежнаму цэнтру спецыяльных аперацый «Поўнач» Узброеных сіл Украіны званне «Героі УПА». Ва ўказе заяўлена, што мэта прысваення звання  адраджэнне гістарычных нацыянальных традыцый украінскага войска.

IAR/аз

Гэта падрыў дыялогу паміж нашымі народамі — польскае МЗС пра прысваенне ўкраінскаму падраздзяленню звання «Героі УПА»

29.05.2026 09:20
Міністэрства замежных спраў Польшчы адназначна негатыўна ацэньвае крок украінскага боку.