Грамадзянка Беларусі Іна Кардаш, затрыманая сёлета 21 студзеня паводле падазрэння ў шпіянажы на Камітэт дзяржаўнай бяспекі, і яе адвакатка прасілі суд скасаваць рашэнне першай судовай інстанцыі аб працягу яе ўтрымання пад вартай і вызваліць пад заклад і падпіску аб нявыездзе.
Як стала вядома «Свабодзе», апеляцыйную скаргу грамадзянкі Беларусі 13 траўня разглядала судовая калегія. Іна Кардаш удзельнічала ў судовым паседжанні праз відэасувязь з Кіеўскага следчага ізалятара.
Адвакатка і Іна Кардаш абгрунтоўвалі патрэбу скасаваць утрыманне яе пад вартай тым, што выстаўленыя ёй падазрэнні грунтуюцца «толькі на здагадках і не падмацаваныя ніякімі доказамі»
Судовая калегія адзначыла, што следчы суддзя, які ўхваляў пастанову аб працягу ўтрымання Кардаш пад вартай да 14 чэрвеня, абгрунтавана прыйшоў да высновы аб існаванні рызыкі, што падазраваная зможа схавацца ад следства, знішчыць або прыхаваць істотныя для расследавання рэчы і дакументы, а таксама незаконна ўплываць на сведкаў ці экспертаў.
Пры гэтым апеляцыйны суд спаслаўся на практыку Еўрапейскага суду ў правах чалавека, паводле якой наяўнасць падставаў для ўтрымання асобы пад вартай павінна ацэньвацца з улікам канкрэтных абставінаў крымінальнай справы, а само абмежаванне свабоды на час дасудовага расследавання можа быць апраўданым, паколькі гэтага патрабуюць інтарэсы грамадства, а яны, нягледзячы на прэзумпцыю невінаватасці, маюць перавагу над прынцыпам павагі да асабістай свабоды.
Судовая калегія ў вынясенні рашэння грунтавалася на шасці рашэннях Еўрапейскага суда ў правах чалавека, вынесеных у справах іншаземных і ўкраінскіх грамадзян супраць Балгарыі, Францыі, Украіны і Швайцарыі.
У выніку суддзі адхілілі апеляцыю Іны Кардаш і яе адвакаткі і прызналі законным працяг яе арышту да 14 чэрвеня.
Іну Кардаш затрымалі сёлета 21 студзеня і выставілі ёй падазрэнні ў шпіянажы паводле ч. 1 артыкулу 114 Крымінальнага кодэкса Украіны (перадача або збор іншаземцам з мэтай перадачы іншаземнай дзяржаве, іншаземнай арганізацыі або іх прадстаўнікам звестак, якія ёсць дзяржаўнай таямніцай).
На момант затрымання Іна Кардаш ужо працавала ў Каардынацыйным штабе па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны. Паводле следства, яна кантактавала з КДБ праз грамадзяніна Беларусі, які «ўсвядомлена для яе ажыццяўляў канфідэнцыйную супрацу з спецслужбамі Беларусі».
16 красавіка суд дазволіў працягнуць расследаванне да 20 чэрвеня і прадоўжыў да 14 чэрвеня тэрмін утрымання Кардаш пад вартай.
20 красавіка стала вядома, што суд арыштаваў кватэру Іны Кардаш, каб забяспечыць вядзенне крымінальнай справы.
У пачатку траўня кіраўнік сакратарыяту Каардынацыйнага штабу па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі Багдан Ахрыменка паведаміў, што Мінск звяртаўся да Кіева наконт абмену Іны Кардаш.
— Такі сігнал быў, але, акрамя размоваў, пакуль нічога няма. Мы адкрытыя для прапановаў. Мы не зацікаўленыя ў тым, каб утрымліваць замежных злачынцаў у нашай краіне, марнаваць на іх бюджэтныя сродкі ў той час, калі нашы незаконна асуджаныя грамадзяне знаходзяцца за кратамі ў нечалавечых умовах. Калі ў камунікацыі з’явяцца практычныя прапановы, мы іх разгледзім, — сказаў Багдан Ахрыменка ў інтэрв’ю агенцтву «Укрінформ».
аз