Дзве стужкі беларускіх рэжысёраў будуць паказаны ў межах міжнароднага фестывалю «Pod wspólnym niebem» («Пад агульным небам») у Варшаве. Гэты культурніцкі форум ужо пяты год запар збірае на адной пляцоўцы кінематаграфістаў з Беларусі, Украіны, Грузіі, Індыі, В’етнама і Балгарыі, адкрываючы варшаўскім гледачам кіно блізкіх і далёкіх суседзяў, паведамляе Reform.news.
У межах сёлетняга юбілейнага фестывалю, які праводзіць Цэнтр мыслі Яна Паўла ІІ, гледачам прэзентуюць 20 фільмаў. Многія з гэтых карцін ужо адзначаныя ўзнагародамі на найважнейшых сусветных кінафестывалях, а галоўнае — яны амаль недаступныя ў шырокім польскім пракаце, што робіць летнія паказы ўнікальнай магчымасцю для гледачоў.
Беларускі кінавечар прызначаны на 15 ліпеня (пачатак а 20:15 па варшаўскім часе). Сёлета праграма блоку пабудаваная на максімальным кантрасце двух фільмаў — старой міфалагічнай Беларусі і новай, часам разгубленай эміграцыі.
«Казка» Якуба Станкевіча (2026) — польская прэм’ера глыбокай дакументальнай арт-стужкі вытворчасці Belsat DOC. Гісторыя пра мастака Віктара з Падляшша, які збег ад цывілізацыі ў лясную зямлянку. Праз свае карціны ён асэнсоўвае трагічныя гістарычныя раны Беларусі — як мінулыя, так і нядаўнія. Стваральнікі апісваюць стужку як містычную, крыху светлую і адначасова трагічную казку.
«Лебядзіная песня Фёдара Озерава» Юрыя Сямашкі (2025) — іранічнае і сюррэалістычнае драмедзі пра 25-гадовага мінчука ў зімовай Варшаве. Герой марыць пра музычны трыўмф, але замест гэтага завісае ў Tinder і шукае па горадзе «чароўны світар з рамонкамі», пакуль свет вакол коціцца да катастрофы. Гэта вельмі дакладны зрэз псіхалагічнага стану маладога пакалення рэлакантаў.
Прэм’ера фільму адбылася на Берлінскім кінафестывалі ў 2025 годзе, і за гэты час стужка атрымала прэмію глядацкіх сімпатыяў і маладзёжнага журы на кінафестывалі аўтарскага кіно ў Мадрыдзе, была паказаная на міжнародным кінафестывалі ў Паўднёвай Карэі.
вс