У Польшчы вядзецца следства ў звязку з парушэннем паветранай прасторы і стварэння пагрозы жыццю людзей.
Ракета ўпала на поле непадалёк ад мястэчка Тарнава-Калонія ў Люблінскім ваяводстве, у адлегласці двух кіламетры ад бліжэйшых будынкаў. У выніку выбуху ўтварыўся кратар дыяметрам 10 метраў і глыбінёй 5 метраў. Ніхто не пацярпеў.
Пракурор Марцін Казак з акруговай пракуратуры ў Любліне паведаміў Польскаму радыё, што следчыя ўжо сабралі вялікую колькасць матэрыялаў.
— Мы сабралі шмат аскепкаў ракеты, сярод іх ёсць два ключавыя элементы для ідэнтыфікацыі дадзенага аб’екта. Гэта электроніка ды часткі рухавіка. Гэта дазволіць нам дакладна вызначыць, што гэта за аб’ект.
На прэсавай канферэнцыі польскай пракуратуры прысутнічала журналістка Польскага радыё для Замежжа Ганна Львова. Журналістка адзначае, што палякам у следстве дапамагае ўкраінскі эксперт.
— Учора ўвечары прыехаў украінскі эксперт, каб дапамагчы вызначыць, што гэта за ракета. І гэты эксперт не сумняваўся, што гэта ракета Х-101, якая выраблена, дарэчы, у Маскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі, і нават назваў дату, калі гэта адбылося, у другім квартале 2026 года. Гэта значыць, сёння першыя афіцыйныя заявы пракуратуры былі менавіта пра тое, што гэта расійская ракета, якая выраблена на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, і гэта ўжо пацверджана. Расследаванне ўсё яшчэ працягваецца, на месцы ўсё яшчэ знаходзяць нейкія фрагменты ракет. Тут журналісты, якія былі на месцы, казалі між сабой, што часам людзі нават прыносяць нейкія фрагменты, кажуць, што знайшлі іх, бо следчыя ўсё яшчэ ўстанаўліваюць усе падрабязнасці гэтага здарэння. Акрамя таго, гэты пракурор сказаў, што паходжанне ракеты было ўстаноўлена пасля аналізу фрагментаў, якія былі здабытыя на месцы падзення. Гэты ўкраінскі эксперт далучыўся да працы польскіх экспертаў, якія выступалі раней, таму яны ўсё яшчэ будуць удакладняць падрабязнасці ў будучыні, а таксама будуць чакаць вынікаў экспертызы адносна таго, як гэта адбылося, адкуль ляцела гэтая ракета, куды менавіта яна ляцела і чаму яна туды трапіла.
Польскія супрацьракетныя сілы не збілі ракету, яна сама ўпала ў полі, ад выбуху ніхто не пацярпеў. Гэта адмыслова так зроблена, ці выпадковасць? Ці ёсць афіцыйныя тлумачэнні па дадзеным пытанні?
— Пракуроры імкнуцца не пашыраць ніякіх тэорый змовы, і таму было заяўлена, што пакуль не будуць паведамляць ніякіх падрабязнасцяў, ні пра людзей, якія да гэтага датычныя, ні пра тое, чаму гэтая ракета прыляцела сюды. Нават прадстаўнікам СМІ не адказваюць на пытанні, каб забяспечыць максімальна дакладнае расследаванне. У пракуратуры няма ніякіх заяў наконт наўмыснасці прылёту. Але мы ведаем, што польская пракуратура ўжо пачала расследаванне па артыкулах аб стварэнні пагрозы паветранаму руху і незаконным парушэнні паветранай прасторы Польшчы. Следства плануе прааналізаваць усе доказы, каб узнавіць маршрут палёту ракеты. Яшчэ вядома, што ракета знаходзілася над тэрыторыяй Польшчы цягам шасці хвілін. Увесь гэты час войска вырашала: збіваць яе ці не, ажно вырашылі гэтага не рабіць, бо баяліся, што падчас яе збіцця аскепкі могуць упасці на жылы дом.
Якія настроі ў жыхароў памежных з Украінай тэрыторый? Ці людзі занепакоеныя сітуацыяй?
— Улічваючы, што гэта не першы раз, калі расійскія паветраныя абʼекты перасякаюць польскую мяжу, прысутнічаюць розныя эмоцыі. У некаторых, вядома, вельмі панічныя. Сёння я назірала, як паводзяць сябе жыхары Люблінскага ваяводства, спыталася, дарэчы, у маці з дзецьмі сёння раніцай, ці баіцца яна, ці нешта чула. Яна сказала, што не баіцца, чаго ёй баяцца, усё будзе добра. Яна не з тых, хто прызвычаіўся да такіх навін, але неяк гэта яе не вельмі палохае. Яна спакойна спала ў тую ноч, спакойна спалі яе дзеці. Аднак яна прывяла прыклад сваёй суседкі, якая жыве ў суседнім доме, і якая вельмі спужалася. Людзі, якія жылі побач з месцам падзення, былі напалоханыя. Таму што яны чулі магутны выбух. Таксама чулі нейкія сірэны, бачылі тэкставае паведамленне. Зараз ідуць дыскусіі пра тое, ці дастаткова Польшча падрыхтавана да такіх сітуацый, ці дастаткова людзі адэкватна рэагуюць на такія сітуацыі.
Намеснік міністра нацыянальнай абароны Станіслаў Вёнтэк нагадаў, што армія дзейнічае ў мірны час, таму з нашага боку мяжы дзейнічаюць іншыя працэдуры збіцця лятальных абʼектаў.
— Ва Украіне кожны незідэнтыфікаваны аб’ект, што ляціць, можа быць хутка збіты, бо там ідзе вайна. У нашым выпадку мы павінны аб’ект ідэнтыфікаваць. Наш пілот пасля таго, як убачыў, што гэта была ракета, быў гатовы яе збіць. Калі б яна паляцела далей, яе б збілі.
Паводле слоў эксперта па міжнародных справах Дар'юша Казераўскага, гэтыя працэдуры трэба змяніць. Ён растлумачыў у эфіры «Польскага радыё 24», што задача вайскоўцаў — нейтралізаваць пагрозы, а не проста назіраць за імі.
— Ідзе пяты год поўнамаштабнай вайны паміж Расіяй і Украінай. Мы мяжуем з гэтымі дзяржавамі, то бок мы прыфрантавая краіна. Настаў час перагледзець працэдуры. Пагрозы выразна бачныя, трэба змяніць працэдуры, бо яны не могуць быць разлічаны на мірны час.
Службы дзейнічалі належным чынам пасля падзення ракеты ў Люблінскім рэгіёне, заявіў у пятніцу віцэ-прэмʼер Уладзіслаў Косіняк-Каміш. Міністр нацыянальнай абароны прадставіў у Сейме інфармацыю аб уварванні расійскай ракеты CH-101 у Польшчу.
Юры Ліхтаровіч