Генеральны штаб Войска Польскага папярэдзіў пра актыўную расійскую дэзінфармацыйную кампанію пасля падзення ракеты каля вёскі Тарнава-Калонія ў Люблінскім ваяводстве. Паводле вайскоўцаў, галоўная мэта такіх дзеянняў — падарваць давер да польскіх сілавых структур і справакаваць хаос у грамадстве.
У Генштабе адзначылі, што расійская прапаганда пачала распаўсюджваць маніпуляцыйныя паведамленні ўжо праз некалькі гадзін пасля здарэння. Выкарыстоўваліся няпоўныя звесткі і адсутнасць афіцыйнай ідэнтыфікацыі аб’екта, каб прасоўваць ілжывыя версіі здарэння, у тым ліку пра яго нібыта ўкраінскае паходжанне, неэфектыўнасць польскай супрацьпаветранай абароны і сувязь інцыдэнту з візітам Уладзіміра Зяленскага ў Люблін.
Польскія вайскоўцы заклікалі не распаўсюджваць неправераную інфармацыю, захоўваць спакой і чакаць афіцыйных паведамленняў дзяржаўных органаў. Паводле следства, у Люблінскім ваяводстве ўпала расійская крылатая ракета Х-101.
pap/эж