Засуха і высокія тэмпературы вады ў рэках становяцца ўсё большай пагрозай для працы польскіх электрастанцый. Паводле гідролага Томаша Калужы з Познаньскага прыродазнаўчага ўніверсітэта, пры нізкім узроўні вады рэкі хутчэй награваюцца, таму ўжо не могуць эфектыўна астуджаць энергетычныя блокі.
У сувязі з гэтым эксперт заклікае будаваць рэзервовыя вадасховішчы і развіваць сістэмы назапашвання вады для патрэб энергетыкі.
Кліматолаг Багдан Хайніцкі адзначае, што з-за абмялення рэк узрастае рызыка цвіцення сіне-зялёных водарасляў, зніжэння ўзроўню кіслароду ў вадзе і новых праблем для энергетычнага сектара. Паводле яго, кліматычныя змены робяць сістэму ўсё больш уразлівай да дэфіцыту водных рэсурсаў.
Цяпер гідралагічная засуха захоўваецца ва ўсходняй, цэнтральнай і паўднёва-заходняй частках Польшчы.
pap/эж