Ва ўзросце 99 гадоў памерла Ванда Трачык-Стаўска — педагог, грамадская актывістка і ўдзельніца Варшаўскага паўстання.
Ванда Трачык-Стаўска нарадзілася ў Варшаве ў 1927 годзе. Да вайны была скаўтам. Падчас нямецкай акупацыі з 1942 года была актыўнай удзельніцай падполля. У Варшаўскім паўстанні служыла стралком і сувязной.
У верасні 1944 года была цяжка параненая. Пасля паражэння паўстання Трачык-Стаўска трапіла ў нямецкі палон. Пасля вайны скончыла Факультэт псіхалогіі Варшаўскага ўніверсітэта і працавала настаўніцай у спецыяльных школах.
У 2018 годзе Ванда Трачык-Стаўска падтрымала пратэст людзей з інваліднасцю ў Сейме, у кастрычніку 2020 года — пратэсты супраць узмацнення заканадаўства, якое абвастрала аборты.
Ванда Трачык-Стаўска актыўна выказвалася супраць насілля, дыскрымінацыі, ксенафобіі і заўсёды была на баку слабейшых.
У 2023 годзе падчас святкавання 79-й гадавіны Варшаўскага паўстання актывістка выступіла з прамовай, у якой заклікала да цеснага супрацоўніцтва з Германіяй у імя падтрымкі Украіны.
Ванда Трачык-Стаўска была ўзнагароджаная, сярод іншага, Рыцарскім крыжам Ордэна Адраджэння Польшчы, Крыжам Доблесці і Крыжам Арміі Краёвай.
У 2021 годзе жыхары польскай сталіцы ў ходзе галасавання выбралі яе «Варшавянкай года».
У 82-ю гадавіну Варшаўскага паўстання 1 жніўня 2026 года Ванда Трачык-Стаўска заклікала жыхароў сталіцы не забываць пра яго ўдзельнікаў. Гэта было апошняе публічнае выступленне легендарнай жанчыны.
вс