У Польшчы пачалося фарміраванне 2-й ракетнай брыгады імя Казіміра Семяновіча. Новая вайсковая частка будзе налічваць каля 3 тыс. чалавек і размесціцца ў Ловічы і Гастыніне, на мяжы Лодзінскага і Мазавецкага ваяводстваў.
Брыгаду абсталююць, у прыватнасці, ракетнымі сістэмамі HOMAR-K. Частка тэхнікі павінна паступіць ужо сёлета. Вайскоўцы пачалі набор спецыялістаў — кіроўцаў, камандзіраў і аператараў узбраення.
— Войска вяртаецца не як сімвал, а як рэальная сіла, абсталяваная найноўшай тэхнікай, — заявіў намеснік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Павел Бэйда.
Стварэнне брыгады азначае фактычнае вяртанне буйной вайсковай прысутнасці ў Ловічы. Новая частка будзе працягваць традыцыі артылерыйскіх падраздзяленняў, якія раней дыслакаваліся ў горадзе, у тым ліку ўдзельнікаў Бітвы на Бзуры падчас абарончай кампаніі верасня 1939 г.
Акрамя ўзмацнення абароны, у Мінабароны Польшчы чакаюць эканамічнага эфекту для рэгіёна: з’яўлення новых працоўных месцаў і развіцця інфраструктуры. Камандзірам брыгады прызначаны палкоўнік Даніэль Нога.
pap/эж