Польшча да канца года плануе пазначыць сховішчы міжнароднымі знакамі грамадзянскай абароны. Пра гэта паведаміў намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Весялаў Леснякевіч.
— Пазначэнне будзе ўказваць на сховішча, што азначае: людзі, якія кіруюць аб’ектам, павінны будуць адкрыць яго ў выпадку пагрозы, — сказаў Леснякевіч.
Паводле яго, у мірны час доступ да такіх аб’ектаў грунтуецца на прынцыпе грамадскай салідарнасці, а падчас вайны іх адкрыццё стане абавязковым. Знакі будуць мець выгляд сіняга роўнабаковага трохкутніка на аранжавым фоне, а таксама белага надпісу на зялёным фоне.
У Польшчы ўжо працуе мабільны дадатак gdziesieukryc.pl, які паказвае больш за 86 тыс. пунктаў, дзе можна схавацца ў выпадку надзвычайнай сітуацыі, у тым ліку падчас паветранай атакі. Сярод іх — падземныя гаражы, тунэлі, станцыі метро і іншыя аб’екты.
Эксперты адзначаюць, што пакуль дадатак не заўсёды паказвае, які менавіта тып аб’екта даступны і на якіх умовах.
pap/эж