Пачалася аперацыя па нейтралізацыі боепрыпасаў часоў Другой сусветнай вайны, знойдзеных на дне Паморскага заліва ў Свінауйсці (поль. Świnoujście). У бліжэйшыя дні вадалазы знішчаць пяць брытанскіх мін, якія былі знойдзены падчас расчысткі марскога дна для будаўніцтва хвалеадбойніка для новага кантэйнернага порта.
Вадалазы будуць знішчаць міны метадам дэфлаграцыі. У чым ён заключаецца — тлумачыць капітан ВМС Лукаш Казярскі (Łukasz Koziarski).
— Простымі словамі, гэта спальванне выбуховых рэчываў без вялікага выбуху. Мы хочам мінімізаваць уплыў гэтых неўзарваных боепрыпасаў на навакольнае асяроддзе, — кажа капітан.
Перад пачаткам аперацыі з рэгіёна дзеянняў адпужваюць птушкі. У сваю чаргу для людзей была ўведзена забарона ўваходзіць у ваду.
Паводле паведамлення Цэнтра ўрадавай бяспекі, нейтралізацыя неўзарваных боепрыпасаў у Балтыйскім моры паміж Свінауйсцем і Мендзыздроямі (поль. Świnoujście-Międzyzdroje) будзе працягвацца з 5 па 8 кастрычніка.
IAR/аз