Пасол ЗША ў Польшчы раскрытыкаваў інтэрвʼю Такера Карлсана (англ. Tucker Swanson McNear Carlson). Амерыканскі кансерватыўны палітычны аглядальнік, журналіст у размове з былым міністрам Вялікабрытаніі і дэпутатам ад кансерватыўнай партыі Джэйкабам Рыз-Моггам (англ. Jacob Rees-Mogg) пачаў задавацца пытаннем, чаму Брытанія ўдзельнічала ў Другой сусветнай вайне. Паводле яго, Адольф Гітлер у 1939 годзе ўварваўся ў Польшчу не без прычыны.
Паводле Тома Роўза, Такер Карлсан задае пытанні, якія маюць на мэце не растлумачыць гісторыю, а перакруціць яе.
— Агрэсія становіцца ахвярай. Ахвяры становяцца агрэсарамі. Дыктатары — дзяржаўнымі дзеячамі. Дэмакратыі, вымушаныя абараняцца — ваеннымі злачынцамі, — напісаў пасол.
Ён дадаў, што пры такім падыходзе віна за найвялікшыя злачынствы ў гісторыі пазбаўляецца кантэксту, і такім чынам адказнасць можа быць перанесеная на ахвяр гэтых злачынстваў.
— Перапісванне гісторыі такім чынам, каб нацысцкая Германія стала ахвярай, а Польшча — краіна, у якую Гітлер уварваўся, якую акупаваў, тэрарызаваў і імкнуўся знішчыць — злачынцам, гэта наўмыснае знішчэнне маральнай праўды і жахлівая абраза краіны, якая заплаціла крывёю, якой няма роўных у гісторыі чалавечых злачынстваў, — падкрэсліў Роўз.
Павераны ў справах Польшчы ў ЗША Богдан Кліх таксама заклікаў Такера Карлсана адмовіцца ад сваіх заяваў пра Польшчу, а таксама «неадкладна і публічна папрасіць прабачэння» за абразу палякаў, брытанцаў і ахвяр Халакосту.
— Нацысцкая прапаганда не можа быць адроджана пад выглядам свабоды слова. А свабода слова не павінна выкарыстоўвацца для апаганьвання памяці ахвяр Другой сусветнай вайны, — напісаў польскі дыпламат.
IAR/аз