Прэм'ер-міністр Дональд Туск склікаў на сёння (11 кастрычніка) нараду з удзелам міністраў і прадстаўнікоў службаў бяспекі. Яна павінна пачацца ў 8:30 раніцы. Паводле слоў прэс-сакратара ўрада Адама Шлапкі, абмеркаванне будзе прысвечана нядаўнім нападам у школах і хвалі дэзінфармацыі.
У нарадзе возьмуць удзел міністры адукацыі, унутраных спраў і адміністрацыі, аховы здароўя, а таксама лічбавізацыі. Запрошаны і каардынатар спецслужбаў і прадстаўнікі службаў бяспекі.
Падобная нарада адбылася ў чацвер (8 кастрычніка). Прэм'ер-міністр склікаў яе пасля серыі небяспечных інцыдэнтаў у школах Мазавецкага рэгіёна. У пачатковай школе ў Лешчыдоле-Навінах 15-гадовы падлетак напаў на трох чалавек; у выніку загінула 37-гадовая супрацоўніца ўстановы. У Астралэнцы 19-гадовы навучэнец параніў нажом дзевяць чалавек. Паліцыя таксама прадухіліла магчымы напад у школе ў Серпцы.
Яшчэ адзін напад адбыўся ўчора (10 кастрычніка) у навучальнай установе ў Варшаве. 21-гадовая вучаніца параніла трох чалавек. Адна з пацярпелых, 17-гадовая дзяўчына, была шпіталізавана з парэзамі перадплечча. Двое іншых пацярпелых (ва ўзросце 17 і 24 гадоў) атрымалі нязначныя траўмы. Жыццю ніводнага з пацярпелых нічога не пагражае. Сярод пацярпелых быў чалавек, які прыйшоў у навучальную ўстанову, каб падаць дакументы на вучобу. Супрацоўнік установы абясшкодзіў нападніцу. Да моманту прыбыцця паліцыі на месца здарэння ў жанчыны ўжо не было нажа. Паліцыя высветліла, што нападніца і пацярпелыя не былі знаёмыя да інцыдэнту. Пакуль няма звестак, якія сведчылі б пра сувязь нападу ў Варшаве з папярэднімі інцыдэнтамі ў школах.
У сувязі з нядаўнімі падзеямі было праверана амаль 50 тысяч школ. Супрацоўнікі паліцыі затрымалі 76 чалавек, якія пакідалі ў інтэрнэце пагрозы ў адрас настаўнікаў і вучняў.
IAR/нг