У лістападзе Польшча прыме маштабныя вайсковыя вучэнні, звязаныя з магчымым размяшчэннем еўрапейскага кантынгенту ва Украіне пасля спынення агню. Пра гэта паведамляе брытанская газета The Times.
У манеўрах возьмуць удзел не менш за паўтары тысячы вайскоўцаў з Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі і Польшчы.
Асноўная ўвага будзе нададзеная перакідцы войскаў і арганізацыі забеспячэння: дастаўцы паліва, харчавання і іншых неабходных грузаў. Вайскоўцы правераць, наколькі хутка і зладжана саюзнікі змогуць арганізаваць такую аперацыю.
Паводле The Times, брытанскі бок ужо пацвердзіў правядзенне вучэнняў.
Лондан і Парыж выступаюць за падрыхтоўку еўрапейскіх гарантый бяспекі Украіне. Адзін з магчымых сцэнарыяў прадугледжвае размяшчэнне замежных вайскоўцаў пасля заключэння перамір'я. Іх прысутнасць павінна стрымліваць Расію ад новай агрэсіі.
Польшчы ў гэтым плане адводзіцца важная роля ў забеспячэнні і каардынацыі аперацыі.
Пры гэтым гаворка пакуль ідзе пра падрыхтоўку да магчымага сцэнарыя, а не пра прынятае рашэнне накіраваць войскі ва Украіну. Тэрміны і ўмовы такой місіі яшчэ не вызначаныя.
pap/эж