У Польшчы 17 кастрычніка праходзяць агульнанацыянальныя вучэнні па дзеяннях у надзвычайных сітуацыях. Для сем'яў адкрытыя больш за 1500 навучальных пляцовак, пераважна ў школах. Найбольшая колькасць — звыш 700 — працуе ў Падкарпацкім ваяводстве, якое мяжуе з Украінай.
З 10 да 14 гадзін пажарныя, паліцэйскія і скаўты вучаць жыхароў распазнаваць сігналы трывогі, знаходзіць бяспечнае месца, рыхтавацца да эвакуацыі і дзейнічаць пры адсутнасці сувязі.
Прадстаўніца Дзяржаўнай пажарнай службы Польшчы Тэрэса Цішберак тлумачыць:
— Мы пачынаем навучанне, пачынаем дзейнічаць з сябе, з клопату пра сябе і сваю сям'ю, бо калі ўзнікне стрэсавая сітуацыя, мы спадзяёмся, што гэты стрэс будзе мабілізаваць, а не паралізаваць.
Вучэнні арганізаваныя ў межах дзяржаўнай праграмы грамадзянскай абароны. Раней у яе мерапрыемствах узялі ўдзел амаль 800 тысяч чалавек.
iar/эж