Польскія спецслужбы прыведзены ў павышаную гатоўнасць праз пагрозу дыверсій на мяжы з Расіяй. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у Каралявецкую (Калініградскую) вобласць РФ прыбылі ўдзельнікі ваенізаванай групоўкі «Чорныя русы». Групоўку стварылі расійскія і беларускія спецслужбы. Ёй таксама прыпісваюць кастрычніцкую правакацыю на латвійска-беларускай мяжы.
Тады ўзброеныя людзі ў масках нібыта дапамаглі мігрантам незаконна перайсці мяжу, пагражалі латвійскім вайскоўцам, пашкодзілі электраабсталяванне і скралі камеры назірання. Пазней звязаныя з групоўкай каналы пачалі пагражаць краінам НАТА.
Паводле інфармацыі Польскага радыё, Польшча ўзмацніла ахову мяжы спецпадраздзяленнямі GROM, AGAT і NIL, памежнікамі і паліцэйскімі.
Прэм'ер Дональд Туск паведаміў, што ноччу памежнікі заўважылі падазроных людзей з ліхтарыкамі каля расійскай мяжы. Сілавікоў тэрмінова мабілізавалі.
Паводле Туска, хуткая рэакцыя дазволіла прадухіліць магчымую правакацыю, аднак сапраўдныя намеры заўважаных людзей застаюцца невядомымі.
У паліцыі створаны спецыяльны аператыўны штаб. Ён каардынуе дзеянні сілавікоў у Падляскім і Вармінска-Мазурскім ваяводствах, якія мяжуюць з Беларуссю і Расіяй.
pr/эж