Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Польшчы ўступаюць у сілу новыя правілы барацьбы з мобінгам на працы

05.11.2026 09:17
Ініцыятарам мобінгу можа быць не толькі кіраўнік, але і калега, падначалены, асобны чалавек або група людзей.
Ілюстрацыйны здымаккрыніца: Unsplash.com
З 5 лістапада ў Польшчы пачынаюць дзейнічаць новыя нормы Працоўнага кодэкса, накіраваныя на ўзмацненне абароны работнікаў ад мобінгу — сістэматычнага псіхалагічнага цкавання і пераследу на працоўным месцы.

Згодна з новымі правіламі, мобінг вызначаецца як настойлівы, паўторны або пастаянны пераслед работніка. Такія дзеянні могуць мець фізічны, слоўны або невербальны характар. Іх ініцыятарам можа быць не толькі кіраўнік, але і калега, падначалены, асобны чалавек або група людзей.

Як патлумачыла Польскаму агенцтву друку адвакат Дарота Дудэк з Польскага таварыства антыдыскрымінацыйнага права, цяпер пацярпеламу не трэба даказваць, што пераслед выклікаў у яго пачуццё прыніжэння або ізаляцыі ў калектыве. Пры гэтым намер крыўдзіцеля таксама не мае вырашальнага значэння.

Экспертка падкрэсліла, што абгрунтаваная крытыка працы або патрабаванне выконваць службовыя абавязкі не лічацца мобінгам. Аднак рэгулярнае высмейванне супрацоўніка і публічнае прыніжэнне яго прафесійных здольнасцей могуць быць прызнаныя пераследам.

Работнік, які стаў ахвярай мобінгу, зможа патрабаваць ад працадаўцы грашовую кампенсацыю ў памеры не менш як шэсць мінімальных месячных заробкаў, а таксама пакрыццё нанесенай шкоды. Пры гэтым абавязак прадставіць суду доказы мобінгу па-ранейшаму ўскладаецца на пацярпелага.

Новы закон таксама ўдакладняе правілы абароны ад дыскрымінацыі на працы.

Працадаўцы атрымаюць шэсць месяцаў — да 5 мая 2027 года — на распрацоўку і ўкараненне ўнутраных працэдур супрацьдзеяння мобінгу.

На думку Дароты Дудэк, дзякуючы новым правілам колькасць судовых спраў аб мобінгу і станоўчых для пацярпелых рашэнняў можа павялічыцца.

PAP/яс