Акруговая пракуратура ў Кракаве распачала расследаванне ў справе асвятлення тэлеканалам «TV Republika» тэракту, які адбыўся ў мінулую суботу, 7 лістапада. У выніку атакі загінулі шэсць чалавек.
Як паведаміў пракурор Томаш Вашчук, расследаванне вядзецца па двух эпізодах магчымых злачынстваў.
— Першы эпізод — гэта паклёп на супрацоўнікаў паліцыі Кракаўскага гарнізона, які палягае ў сцвярджэнні, што іх не было на месцы тэракту. Такое выказванне прагучала 7 лістапада ў эфіры тэлеканала TV Republika. Другі эпізод — гэта абраза групы людзей паводле нацыянальнай прыкметы праз сцвярджэнне, што выканаўцамі тэракту былі замежнікі.
Прэс-сакратар Акруговай пракуратуры ў Кракаве ўдакладніў, што падставай для распачацця расследавання сталі чатыры паведамленні аб магчымым здзяйсненні злачынстваў, якія паступілі ў пракуратуру.
Сёння паліцыя прыйшла ў сядзібу тэлеканала «TV Republika».
Як паведаміла Ваяводская камендатура паліцыі ў Шчэціне, супрацоўнікі паліцыі па даручэнні пракуратуры ўручылі кіраўніку тэлеканала дакумент з патрабаваннем перадаць рэгістрацыйныя запісы і дакументацыю, звязаную з ліцэнзіяй на вяшчанне.
Акруговая пракуратура ў Шчэціне вядзе расследаванне ў справе падзей каля Канстытуцыйнага суда Польшчы.
Паводле следчых, журналісты «TV Republika» публічна заклікалі распаўсюджваць інфармацыю пра прыватнае жыццё супрацоўніцы паліцыі. Акрамя таго, у інфармацыйных радках тэлеканала маглі ўтрымлівацца публічныя абразы на адрас супрацоўнікаў паліцыі і прэм'ер-міністра Дональда Туска. Журналісты таксама пагражалі паліцыянтам падачай на іх у суд.
Паведамленне аб падазрэнні ў здзяйсненні злачынства падаў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі.
IAR/яс