Польшча ўваходзіць у дзясятку еўрапейскіх краін, дзе найбольш ужываюць антыбіётыкі. І гэта стварае сур'ёзную пагрозу здароўю насельніцтва.
Паводле Еўрапейскага цэнтра прафілактыкі і кантролю захворванняў, да 2030 года краіна павінна скараціць выкарыстанне гэтых прэпаратаў на 27 працэнтаў. Пакуль удалося дасягнуць зніжэння толькі на 4 працэнты.
Прафесар Універсітэта SWPS Аляксандра Борэк папярэджвае: праз празмернае ўжыванне антыбіётыкаў бактэрыі становяцца ўстойлівымі да лячэння. Гэта ўжо называюць «ціхай пандэміяй». Асабліва небяспечна прызначаць антыбіётыкі пры грыпе і прастудзе: супраць вірусаў яны не дзейнічаюць.
Прычына праблемы не толькі ў пацыентах. Лекары часам выпісваюць прэпараты праз недахоп часу, перагрузку і страх памыліцца.
Эксперты заклікаюць не патрабаваць антыбіётыкаў без неабходнасці і не выкарыстоўваць лекі, што засталіся пасля папярэдняга лячэння.
pap/эж