Польшча мае намер ператварыцца ў буйны рэгіянальны цэнтр гандлю прыродным газам, праз які прыродны газ будзе паступаць у суседнія краіны. Дзеля гэтага ўрад рыхтуе змены ў заканадаўстве і плануе знізіць кошт транспарціроўкі газу.
Міністр энергетыкі Мілаш Мотыка заявіў, што адпаведны закон можа быць ухвалены ўрадам яшчэ да канца 2026 года. Паводле законапраекта, кампаніі, якія прадаюць газ на польскім рынку, павінны будуць рэалізоўваць праз Польскую энергетычную біржу не менш за 80% паліва замест цяперашніх 55%. Улады разлічваюць, што гэта зробіць гандаль больш празрыстым, узмоцніць канкурэнцыю і прыцягне новых удзельнікаў рынку.
Адначасова Варшава збіраецца знізіць тарыфы на транспарціроўку газу праз сваю тэрыторыю. Паводле міністра, без гарантавана выгадных умоў суседнія дзяржавы не стануць заключаць доўгатэрміновыя кантракты.
Першыя крокі ўжо зробленыя. На энергетычным саміце P-TEC польскі энергетычны гігант Orlen падпісаў пагадненні з кампаніямі са Славакіі і Венгрыі, а аператар газатранспартнай сістэмы Gaz-System — з партнёрамі з Чэхіі, Славакіі і Венгрыі.
pap/эж