Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што парушэнне польскай паветранай прасторы расійскімі аб'ектамі магло быць наўмыснай правакацыяй. Палітык звязаў інцыдэнты з міжнароднымі вайсковымі вучэннямі, якія праходзяць на паўднёвым усходзе краіны.
— Гэта не выглядае выпадковасцю. Я асцярожны ў фармулёўках. Здаецца, што мы ўсё ж маем справу з наўмыснай правакацыяй. Невыпадкова гэтыя аб'екты ўпалі паблізу месцаў, дзе праходзяць вайсковыя манеўры «Кааліцыі ахвотных». У Новай Дэмбе адбываецца візіт міністраў абароны некалькіх краін, якія ўдзельнічаюць у гэтых вучэннях. Таму нельга выключаць, што гэтая правакацыя была звязаная таксама з тым, што на тэрыторыі Польшчы адбываліся гэтыя вучэнні.
Польскія сілавыя ведамствы вядуць пошукі і праводзяць следчыя дзеянні ў трох мясцовасцях і іх ваколіцах: Рудніку-над-Санам і Малодычах у Падкарпацкім ваяводстве, а таксама ў Новым Ліпаўцы ў Люблінскім ваяводстве.
Міжнародныя вучэнні на палігоне ў Новай Дэмбе працягваюцца з пачатку лістапада. У іх удзельнічаюць каля пяці тысяч вайскоўцаў з 11 краін, палова з якіх — палякі. Мэта манеўраў — праверыць хуткасць перакідвання войскаў, узаемадзеянне саюзнікаў і лагістычнае забеспячэнне. У вучэннях задзейнічаныя сухапутныя, паветраныя і марскія сілы, а таксама касмічныя падраздзяленні.
iar/pap/эж