22 кастрычніка ў выніку ператрусу ў адным з дамоў у гарадку Дамброва-Гурніча (Dąbrowa Górnicza) ў Сілезскім ваяводстве супрацоўнікі Бяшчадскага аддзела Памежнай службы і Сілезскага аддзела Дзяржаўнай падатковай адміністрацыі канфіскавалі партыю нелегальных тытунёвых вырабаў без польскіх акцызных марак на суму больш за 5,6 мільёна злотых (амаль мільён 380 тысяч еўра). Больш за 5 мільёнаў цыгарэт былі выяўленыя ў адным з грузавікоў і яшчэ 480 тысяч — на складзе.
Былі затрыманыя шэсць чалавек — пяць грамадзян Польшчы і адзін грамадзянін Беларусі, якіх абвінавацілі ў гандлі, захоўванні, транспарціроўцы або садзейнічанні ўтойванню або продажу падакцызных тавараў.
Пракурор ужыў у дачыненні да падазраваных меры стрымання, не звязаныя з пазбаўленнем волі. Справа працягваецца, і следчыя расследуюць усе абставіны, звязаныя з паходжаннем нелегальных тавараў. Справай займаецца раённая пракуратура ў Дамброве-Гурнічай.
IAR/аз