У Варшаве, каля плошчы Канстытуцыі, адкрыўся новы офіс лідаркі беларускіх дэмакратычных сіл Святланы Ціханоўскай. Ён стане цэнтрам дзейнасці беларускага дэмакратычнага руху.
На адкрыцці Святлана Ціханоўская падзякавала Польшчы за салідарнасць з беларусамі і нагадала пра польскі досвед барацьбы за свабоду.
— Я шчаслівая, што беларуская справа аб’ядноўвае людзей па ўсёй Польшчы, незалежна ад іх палітычных поглядаў ці прыналежнасці. Польшча з уласнай гісторыі ведае, што значыць змагацца за свабоду. Калі змаглі вы, зможам і мы. Бо ніводная дыктатура не доўжыцца вечна. Дыктатура Лукашэнкі таксама падзе.
Мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі падкрэсліў сімвалічнае значэнне месца, дзе ў 1989 годзе дзейнічаў офіс польскай «Салідарнасці». Паводле яго, новы офіс будзе не толькі палітычным сімвалам, але і прасторай для беларускай супольнасці.
— Мы заўсёды кажам, што Варшава – гэта адкрыты, талерантны горад, але, вядома, і горад, які падтрымлівае ўсіх, хто мае патрэбу. Таму я яшчэ больш рады, што мы можам разам адкрыць гэты офіс.
Былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч адзначыў, што памяшканне, прадстаўленае гарадскімі ўладамі, дазволіць камандзе Ціханоўскай праводзіць сустрэчы як з беларусамі, так і з польскай грамадскасцю.
— Гэтая плошча Канстытуцыі не выпадковасць. Святлана Ціханоўская зможа сустрэцца тут з беларусамі разам са сваёй камандай. Яна зможа арганізоўваць сустрэчы, адкрытыя і для польскай супольнасці ў Варшаве.
Каманда варшаўскага офіса Святланы Ціханоўская заявіла, што, сярод іншага, будзе займацца падтрымкай беларусаў у Польшчы.
юл