Польская пракуратура працягвае крымінальны пераслед смаленскіх авіядыспетчараў, аднак Расія не супрацоўнічае з польскімі праваахоўнымі органамі. Пра гэта паведаміў міністр юстыцыі Польшчы Вальдэмар Журэк (Waldemar Żurek).
Нацыянальная пракуратура Польшчы 27 лістапада паведаміла, што, паводле заключэння экспертаў, дзеянні расійскіх авіядыспетчараў былі адным з фактараў, якія спрыялі авіякатастрофе ў 2010 годзе.
Падчас прэс-канферэнцыі міністр юстыцыі нагадаў, што расійскія авіядыспетчары абвешчаныя ў вышук:
— Некаторыя пытаюцца ў нас, які будзе далейшы лёс гэтага расследавання. Гэта вырашыць следчая група. Аднак, здаецца, заключэнне экспертаў адназначнае, і яно прывядзе да той ці іншай формы завяршэння гэтай справы. На сённяшні дзень адзіныя асобы, якім можна было б прад’явіць абвінавачанні, — гэта авіядыспетчары. Абвінавачанні ўжо падрыхтаваныя, аднак няма магчымасці іх прад’явіць.
Паводле заключэння экспертаў, авіядыспетчары ў Смаленску неаднаразова паведамлялі экіпажу, што самалёт знаходзіцца на правільнай траекторыі і курсе.
— Гэта магло ўмацоўваць экіпаж у памылковым перакананні, што заход на пасадку адбываецца правільна, хоць фактычныя параметры палёту адхіляліся ад неабходных, — гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.
Паводле заключэння Міжнароднай групы экспертаў, створанай у 2019 годзе, прычынай катастрофы не быў ні выбух, ні няспраўнасць, а ланцуг падзей, якія прывялі да спробы пасадкі ў Смаленску.
З дакладам экспертаў раней маглі азнаёміцца сем’і ахвяр катастрофы.
У склад міжнароднай групы ўвайшлі спецыялісты з аўтарытэтных навуковых цэнтраў Швейцарыі, Партугаліі, Даніі і Францыі, а таксама эксперты трох польскіх медыцынскіх універсітэтаў.
Задачай групы была падрыхтоўка комплекснага экспертнага заключэння аб прычынах і абставінах авіякатастрофы, якая адбылася 10 красавіка 2010 года пад Смаленскам.
IAR/яс